Амерыканскі юрыст пайшла ў турму з-за адмовы рэгістраваць аднаполыя «шлюбы» |
08.09.2015 13:57 |
У інтэрнэце распачаўся збор подпісаў за вызваленне Кім Дэвіс — рэгістратара шлюбаў з амерыканскага штата Кентукі, якая была адпраўлена ў турму за адмову рэгістраваць аднаполыя «шлюбы». Кім Дэвіс была абрана насельніцтвам на сваю пасаду на пачатку гэтага года і адмовілася прызнаваць такія «шлюбы» сапраўднымі шлюбамі, бо гэта супярэчыць яе хрысціянскім перакананням. У штаце Кентукі шлюбам лічыліся толькі сапраўдныя сужэнствы — паміж мужчынам і жанчынай, аднак Вярхоўны Суд ЗША 26 чэрвеня 2015 года ўвёў аднаполыя «шлюбы», такім чынам абавязваючы ўсіх хрысціян-чыноўнікаў ва ўсіх штатах ЗША прызнаваць існаванне такой з’явы. Суддзя Дэвід Банінг 3 верасня адправіў Кім Дэвіс у турму, бо яна не захацела ісці супраць праўды і адмаўляцца ад сваіх хрысціянскіх перакананняў. Кім Дэвіс са сваім адвакатам. Такім чынам было парушана яе гарантаванае Канстытуцыяй ЗША права на свабоду веравызнання. «Я ўсё ўзважыла і гатовая ісці ў турму. Справа не ў геях ці лесбіянках. Справа ў тым, што трэба выконваць Закон Божы. Лёгка гаварыць пра сваю веру, трэба рабіць так, як вера патрабуе рабіць. Я не пакідаю сваё сумленне і душу ў аўтамабілі, калі прыходжу на працу», — кажа сама Кім Дэвіс. «Тое, што Вярхоўны Суд ЗША навязаў аднаполыя "шлюбы" ўсім штатам — несправядліва. І тое, што суддзя кінуў у турму Кім Дэвіс за тое, што яна прытрымлівалася законаў свайго штата і не збіралася выконваць незаконнае рашэнне Вярхоўнага Суда — відавочны акт тыраніі», — гаворыцца ў анлайн-петыцыі, якую можна падпісаць на англійскай ці рускай мовах. «Несправядлівыя законы і рашэнні, якія супярэчаць маральнаму парадку, не абавязковыя для сумлення», — кажа Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла. Толькі «Натуральны маральны закон усеагульны і нязменны, ён стварае падмурак асноўных абавязкаў і правоў асобы, а таксама чалавечай супольнасці і самога грамадзянскага закону», — вучыць Касцёл. Кожны з нас мог бы быць на яе месцы, і мы не павінны маўчаць, кажуць аўтары петыцыі. Аляксандр Гелагаеў |