Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Маскве прайшла канферэнцыя памяці а. Аляксандра Меня
09.09.2015 20:55

Міжнародная канферэнцыя «Протаіерэй Аляксандр Мень: пасланне XXI стагоддзю» адбылася 8 верасня ў Маскве ва Усерасійскай дзяржаўнай бібліятэцы замежнай літаратуры імя М.І. Рудаміны.

Пра гэта паведамляецца на старонцы Рускай Праваслаўнай Царквы.

У працы канферэнцыі ўдзельнічалі прадстаўнікі васьмі замежных дзяржаў: Балгарыі, Ватыкана, Вялікабрытаніі, ФРГ, Францыі, Польшчы, Чылі, ЗША; святары Рускай Праваслаўнай Царквы, прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій і іншых рэлігійных супольнасцяў Расіі, расійскія і замежныя навукоўцы, грамадскія дзеячы.

У тым ліку быў прысутны Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Расіі арцыбіскуп Паола Пеццы.

У гэтым годзе спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння а. Аляксандра Меня і чвэрць стагоддзя з дня яго пакутніцкай смерці. Нагадаем, вядомы багаслоў быў забіты 9 верасня, а справа трагічнай смерці айца так і не была раскрыта.

«Протаіерэй Аляксандр Мень быў адным з выбітнейшых пастыраў Рускай Праваслаўнай Царквы XX стагоддзя, які валодаў шматлікімі здольнасцямі і ўсе іх накіроўваў на служэнне Царкве. Паслухаць яго пропаведзі ў сціплым вясковым прыходзе у Падмаскоўі з’язджаліся тысячы людзей. У ліку тых, каго айцец Аляксандр прывёў да Царквы і кім духоўна апякаўся, былі лепшыя прадстаўнікі расійскай інтэлігенцыі», — адзначыў мітрапаліт Валакаламскі Іларыён.

У цяжкія для Царквы савецкія часы протаіерэй Аляксандр Мень не баяўся адкрыта несці святло Хрыстовай ісціны. Калі ў канцы 80-х гадоў святары атрымалі магчымасць выйсці за межы царкоўнай агароджы, ён адным з першых скарыстаўся з яе, каб гаварыць пра Бога ў дамах культуры, школах, шпіталях, на стадыёнах. Адной з самых любімых айцом Аляксандрам пляцовак для публічнай пропаведзі стала Бібліятэка замежнай літаратуры імя М.І. Рудаміны, дзе за некалькі дзён да трагічнай смерці ён прачытаў сваю апошнюю лекцыю», — дадаў у прывітальным слове мітрапаліт Іларыён.

Унікальны пастырскі вопыт айца Аляксандра Меня, яго адкрытасць да дыялогу з прадстаўнікамі розных хрысціянскіх канфесій і іншых рэлігій шмат у чым былі накіраваныя на ўмацаванне міжрэлігійнага і міжкультурнага супрацоўніцтва і дыялогу, што адзначалася ўдзельнікамі канферэнцыі.

Увогуле, дзейнасць а. Аляксандра ацэньваюць па-рознаму. Шматлікія праваслаўныя вернікі ацэньваюць яе вельмі пазітыўна, разам з тым сярод прадстаўнікоў больш кансерватыўных колаў Рускай Праваслаўнай Царквы сцвярджаюць, што некаторыя выказванні айца супярэчаць асновам праваслаўнага навучання.

Са спадчынай айца Аляксандра Меня знаёмыя ў многіх каталіцкіх сем’ях у Беларусі, а кнігу «Сын Чалавечы» абавязкова павінен прачытаць кожны навучэнец тэалагічных каледжаў, якія дзейнічаюць у Мінску і Баранавічах.

Творчасць а. Аляксандра абмяркоўвае сучасная беларуская моладзь, яго прыгадваюць на старонках фэйсбука, напрыклад, пісьменніца Ірына Жарнасек, а яго ідэі экуменізму застаюцца каштоўнымі і актуальнымі для сучаснікаў.

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.