Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Тысячы жанчын пратэставалі ў Чылі супраць легалізацыі абортаў
10.09.2015 11:18

Шматлікія маніфестацыі супраць магчымага заканадаўчага дазволу на аборты прайшлі ў Чылі на мінулых выходных.

Усяго пратэсты адбыліся ў 33 розных гарадах паўднёваамерыканскай краіны.

У Чылі — самай развітой краіне Лацінскай Амерыкі — забаронены любыя аборты. Зараз Прэзідэнт Мішэль Башеле прапануе легалізаваць аборты ў выпадку, калі цяжарнасць выклікана згвалтаваннем.

Звычайна менавіта з такіх захадаў пачынаюцца кампаніі па поўнай легалізацыі забойстваў ненароджаных дзяцей.


Каб перадухіліць такое развіццё падзей, на вуліцы гарадоў Чылі выйшлі дзясяткі тысяч жанчын і мужчын, якія апрануліся ў белае, каб падкрэсліць чыстую і мірную прыроду сваёй барацьбы за жыццё.

Прадстаўніца кампаніі «Жанчыны ў белым» Марыя Пац Віаль у эфіры чылійскага канала «24» задала пытанні прэзідэнту: «Ці хацела б прэзідэнт сама быць асуджанай за злачынствы сваіх бацькоў? Ці, можа, яна сама б хацела, каб яе дзяцей судзілі за яе злачынствы?»


На жаль, зараз лева-ліберальныя сілы ў Чылі кантралююць абедзве палаты парламента, таму частковая легалізацыя абортаў магчымая. У такім выпадку змагары за жыццё будуць спрабаваць адмяніць новы закон праз суд.

Хрысціянска-дэмакратычная партыя ў парламенце будзе спрабаваць выключыць з законапраекту магчымасць аборту, калі цяжарнасць выклікана згвалтаваннем.

Аляксандр Гелагаеў паводле інфармацыі LifeSiteNews, Reuters, The Guardian, 24horas.cl.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.