Ангела Меркель: Не хочаш ісламізацыі Еўропы? Хадзі ў касцёл! |
11.09.2015 14:39 |
Канцлер Германіі ў адказ на пытанне пра небяспеку ісламізацыі Еўропы праз мігрантаў заклікала еўрапейцаў вярнуцца да сваёй веры і культуры. Пытанне пра ісламізацыю было зададзена Ангеле Меркель некалькі год таму падчас яе выступу ва ўніверсітэце Берна (Швейцарыя). Інфармацыя пра яе адказ стала вядомай толькі ў апошнія дні, у сувязі з масавай хваляй ісламскай міграцыі ў Еўропу. — Страх ніколькі не з’яўляецца добрым дарадчыкам, — сказала канцлер, адзначыўшы, што сапраўды існуе значная небяспека ісламскага тэрарызму, якую трэба ўлічваць. Пры гэтым яна дадала, што свабода рэлігіі застаецца важнай каштоўнасцю. — Хацела б бачыць больш людзей, якія маюць адвагу сказаць «Я хрысціянін», і больш людзей, якія маюць адвагу весці дыялог, — адзначыла канцлер, дачка лютэранскага пастара. — Еўрапейцы павінны вярнуцца да актыўнай рэлігійнай практыкі, да ўдзелу ў касцёльных набажэнствах і біблейскага грунту сваіх каштоўнасцяў, — сказала Ангела Меркель. Дыскусія пра іслам і ідэнтычнасць Еўропы павінна прывесці нас да нашых каранёў, лічыць канцлер Германіі. Часопіс Gość Niedzielny, (АлГ). |