Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бразільскі біскуп абвінаваціў частку сусветных СМІ ў перакручванні словаў Папы
17.09.2015 17:42

Значная частка сусветных сродкаў масавай інфармацыі падманвае сваю аўдыторыю, паведамляючы непраўдзівыя звесткі пра апошнія рашэнні Папы Францішка, заявіў бразільскі біскуп Хенрыке Шуарэс да Коста.

Гэта перш за ўсё датычыцца сферы працэсу анулявання шлюбу і атрымання прабачэння за грэх аборту, звярнуў увагу іерарх. Такім чынам лева-ліберальныя, часта антыкаталіцкія ці атэістычныя СМІ намагаюцца падмануць у тым ліку і саміх католікаў, для якіх Папа з’яўляецца духоўным кіраўніком.

Такія СМІ ствараюць Папу, якога не існуе ў сапраўднасці, праз сваё імкненне даць як мага больш сенсацыйны загаловак робяцца сродкамі не інфармацыі, а дэзінфармацыі, напісаў біскуп на сваёй старонцы ў Facebook.

Гэтак, па словах біскупа, многія бразільскія СМІ перакруцілі навіну пра змены ў парадку прызнання каталіцкага шлюбу несапраўдным, паведамляючы пра нейкія «каталіцкія разводы, якія сталі прасцей».

Касцёл не можа разарваць шлюб, адзначыў біскуп, ён можа толькі прызнаць пасля высвятлення абставінаў, што ад пачатку шлюб не меў месца. Папа толькі спрасціў парадак гэтага працэсу.

Такім чынам Папа Францішак не зрабіў нічога прынцыпова новага, што б ішло насуперак веры Касцёла, дадаў іерарх.

Біскуп Хенрыке Шуарэс да Коста заўважыў тую ж сітуацыю ў паведамленнях СМІ пра ліст Папы, прысвечаны Году Міласэрнасці, у якім Пантыфік даў права кожнаму святару адпускаць грэх аборту. З’явілася вар’яцкая ідэя, што такім чынам аборт стаў менш цяжкім грахом для католікаў, што ніяк не адпавядае сапраўднасці, напісаў біскуп.

Іерарх звярнуў увагу, што звычайна прабачэнне за гэты грэх залежыць ад правіл, якія вызначаюць канкрэтныя біскупы; такім чынам Папа проста даў магчымасць любому грэшніку спавядаць гэты грэх перад любым святаром.

«Не трэба забываць, што Касцёл належыць Хрысту, а не Папу. Папа — першы сярод абаронцаў і сведкаў веры Касцёла разам з біскупамі, якія знаходзяцца ў еднасці з ім. Католікі павінны заўсёды памятаць гэта і захоўваць мір», — адзначыў іерарх, заклікаючы людзей да разумнага крытычнага стаўлення да інфармацыі СМІ.

Паводле Catholic News Agency

(AлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.