Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Новы святы — каго кананізуе Папа падчас візіту ў ЗША?
23.09.2015 18:18

Згодна з раскладам візіту Святога Айца ў ЗША, вечарам 23 верасня ён будзе цэлебраваць Імшу, на якой Касцёл атрымае новага святога — брата Хуніпера Сьеры, які быў францішканскім місіянерам у Амерыцы ў ХVIII стагоддзі. Хто гэта?

Хуніпера Сьеры (да манаства — Мігель Хасэ Сьеры) нарадзіўся ў сялянскай сям'і на іспанскай выспе Маёрка ў Міжземным моры 24 лістапада 1713 года. Ён працаваў з бацькамі ў полі да 15 год, калі яны адправілі яго ў францішканскую школу. Годам пазней ён стаў навіцыям у Ордэне Братоў Меншых.

Ужо там ён захапляўся гісторыямі пра францішканскіх манахаў, якія вандравалі па свеце і навярталі людзей, часта рызыкуючы ўласным жыццём.

У 1730 годзе Мігель Хасэ Сьеры стаў братам Хуніпера, узяўшы імя ў гонар Слугі Божага Хуніпера, аднаго з першых паслядоўнікаў святога Францішка. Яшчэ праз 7 год Хуніпера Сьеры, які вызначаўся глубокім веданнем філасофіі, стаў святаром.

У 1749 годзе, калі ён ужо быў доктарам філасофіі і мог да канца свайго жыцця ў камфорце вучыць студэнтаў, Хуніпера адмовіўся ад прэстыжнай кар'еры і адправіўся несці слова Божае новым народам.


Ён папрасіў свайго калегу супакоіць сваіх бацькоў у такім лісце: «Яны даведаюцца, наколькі салодкае Ягонае ярмо, што Ён ператворыць сум, які яны, магчыма, зараз адчуваюць, у вялікае шчасце. Зараз не час думаць і баяцца таго, што можа здарыцца, зараз час цалкам аддацца волі Божай і імкнуцца падрыхтаваць сябе да той шчаслівай смерці, якая нас павінна турбаваць больш за ўсё ў жыцці».

Хуніпера Сьеры прыбыў у Мексіку, і там выкладчык, які меў высокія навуковыя адзнакі, свядома пайшоў вучыцца як звычайны вучань у школу, якая рыхтавала місіянераў. Ён вучыўся сярод людзей, якія былі значна маладзейшыя за яго, аднак не лічыў гэта знявагай уласнай годнасці.

Брат Хуніпера, як сапраўдны вучоны, вырашыў ад пачатку вывучыць усё, што трэба, каб быць добрым місіянерам — мову індзейцаў, сістэму мясцовай адміністрацыі, арганізацыю місіянерскай дзейнасці, забабоны і паганскія звычаі, з якімі прыйдзецца сустрэцца.

Далей усё сваё жыццё ён аддаў евангелізацыі Паўночнай Амерыкі, дасягнуўшы цяперашней Каліфорніі. Ён шмат хадзіў па дарогах кантынета босы, быў адначасова айцом сваім духоўным дзецям і інквізітарам, адміністратарам і настаўнікам, арганізатарам і будаўніком.

У 1768 годзе Хуніпера Сьеры пайшоў у місіянерскую экспедыцыю, якая цягнулася больш за 15 месяцаў. Ён прайшоў са сваімі спадарожнікамі 1450 кіламетраў ад горада Ларэта ў Мексіцы да Сан-Дыега ў сучасных ЗША па дзікіх землях, сустракаючы толькі індзейскія плямёны і навяртаючы іх.

Нястомны носьбіт Евангелля ахрысціў і канфірмаваў тысячы чалавек і меў такі маральны аўтарытэт, што іспанскія афіцэры звярталіся да яго з просьбамі заступіцца за іх перад намеснікам іспанскага караля ў Амерыцы.

Магіла святога Хуніпера Сьеры.

Хуніпера Сьеры вандраваў, служыў і навяртаў да апошніх дзён свайго жыцця, нават падчас цяжкіх хваробаў, і памёр у 1784 годзе, калі яму споўнілася 70 год. У 1905 годзе нашчадкі каліфарнійскіх індзейцаў назвалі ў яго гонар горны пік у Каліфорніі. У 1988 годзе ён быў беатыфікаваны Папам Янам Паўлам ІІ.

Святы Хуніпера Сьеры, маліся за нас, каб мы былі такімі ж нястомнымі і рашучымі ў спаўненні свайго паклікання, як ты!

Аляксандр Гелагаеў паводле newadvent.org

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.