У 2020 годзе выйдзе ў свет трохтомнік Караля Вайтылы з раней недрукаванымі дапаўненнямі |
01.10.2015 19:28 |
У Кракаве падпісалі ліст на ажыццяўленне праекта «Крытычнага выдання літаратурных твораў Караля Вайтылы — Яна Паўла II». Як заўважыла каардынатар праекта доктар Ганна Каронь-Астроўска, раней апублікаваныя тэксты, на жаль, змяшчаюць шмат недарэчных памылак і скарачэнняў. Пра гэта паведамляе польскае каталіцкае інфармацыйнае агенцтва. «У існуючых выданнях ёсць некаторыя прабелы, такім чынам, маюцца фрагменты тэкстаў, якія яшчэ не былі апублікаваныя, — кажа доктар Ганна Каронь-Астроўска. — Мы хочам да іх дайсці і адкрыць свету; маюцца варыянты тэкстаў, якія пісаў Папа, будучы маладым чалавекам. Мы будзем над усім гэтым працаваць, даследваць з пункту гледжання літаратуразнаўцаў, а таксама філосафаў», — паведаміла каардынатар праекта. Вынікам працы навукоўцаў стане трохтомнае выданне ўсіх, і некаторых з іх да гэтага часу неапублікаваных цалкам, без скарачэнняў літаратурных твораў Папы-паляка. Выданне запланавана на май 2020 года і прымеркавана да 100-годдзя з дня нараджэння Караля Вайтылы. Сярод літаратурнай спадчыны Караля Вайтылы — паэзія, драматургічныя і філасофскія творы. Некаторыя з іх выдавецтва Pro Christo выдала і на беларускай мове, напрыклад, «Дар і таямніца», «Рымскі трыпціх», «Пераступіць парог надзеі» і інш. (AYU) |