Выйшаў прома-ролік да Сусветнага дня моладзі ў Кракаве 2016 |
12.10.2015 16:19 |
«Міласэрнасць без межаў» – пад такой назвай выйшаў прома-ролік Сусветнага дня моладзі, які пройдзе ў Кракаве (Польшча) у 2016 г. Здымкі праходзілі ў чатырох краінах Еўропы і завяршыліся на галоўнай плошчы Кракава. Некалькі соцен маладых людзей, 20 спецыялістаў і двое Папаў Рымскіх – удзельнікі прома-роліка СДМ, які запрашае моладзь з усяго свету да ўдзелу ў Сусветным дні моладзі ў 2016 годзе. Акрамя моладзі, героямі відэа сталі прадстаўнікі жандармерыі Ватыкана. Сцэнар роліка, апроч рэкламы СДМ, Кракава і Малапольскага рэгіёна, звязаны таксама з біблейскай тэмай рыбака, які выходзіць «лавіць людзей». Аўтамабіль Папы сімвалізуе «човен Міласэрнасці», у якім знойдзецца месца для кожнага без абмежаванняў і які ў 2016 годзе стане на якар у Малапольшчы, у «порце Кракаў». Выканаўчым прадзюсарам кліпу з’яўляецца група ТBA. Рэжысёр – Пшэмыслаў Райхель, аўтары сцэнару – Пшэмыслаў Хасэр, Артура Мары і Пшэмыслаў Райхель. У аснове гукавой дарожкі кліпу англійская версія гімна СДМ «Благаслаўлёныя міласэрныя» з адпаведнай аранжыроўкай. паводле «Краков ВДМ 2016» (MV) |