Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Саудаўскай Аравіі забаранілі тытульную старонку часопіса з выявай Папы
14.10.2015 12:07

Урад Саудаўскай Аравіі забараніў выхад арабскай версіі часопіса «National Geographic» з выявай Пантыфіка на тытульнай старонцы. Як патлумачыў галоўны рэдактар выдання, на гэта маюцца «культурныя прычыны».

Пра гэта паведамляе партал pro-medienmagazin.

«National Geographic» прысвяціў Папу Францішку тытульную старонку і галоўны матэрыял, у якім вядзецца гаворка пра імкненне Святога Айца да рэформаў Касцёла. Загаловак гучыць: «Касцёльныя рэформы — так Папа Францішак вядзе сваю ціхую рэвалюцыю». На тытульным фотаздымку — выява Пантыфіка ў Сікстынскай капэле. Паводле меркавання рэдакцыі Spiegel-online, адна толькі выява Папы можа быць расцэнена ў гэтым рэгіёне як правакацыя.

Саудаўская Аравія лічыцца адной з краін, дзе ў найбольшай меры адчуваецца ўплыў сунісцкага ісламу — вахабізму. Свабода веравызнання не замацавана ў канстытуцыі гэтай краіны. Прыхільнікі іншых рэлігій не могуць вызнаваць сваю веру адкрыта.

Паводле паведамленняў дапаможнай арганізацыі «Open Doors», у краіне няма ніводнага сакральнага будынка, не дазволены друк або ўвоз Бібліі. Гэтыя абмежаванні датычаць найперш хрысціян-замежнікаў і гастарбайтэраў.

Рэлігійныя абмежаванні распаўсюджваюцца не толькі на хрысціян, але таксама на шыітаў, яўрэяў, індусаў і іншыя меншасці ў краіне.

(IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.