Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сіра-каталіцкі святар збег з палону «Ісламскай дзяржавы»
22.10.2015 16:19

Абуна Мурад, сіра-каталіцкі святар, выкрадзены ісламістамі ў маі гэтага года, уцёк з палону.

Ён уцёк праз пустыню на матацыкле разам са знаёмым хрысціянінам, які ведаў яго ў горадзе Эль-Кар’ятэйн. Там Абуна Мурад быў святаром сіра-каталіцкай парафіі, настаяцелем кляштара Мар-Эліян і манахам супольнасці Мар-Муса.

Святар быў выкрадзены з кляштара разам з яшчэ адным маладым хрысціянінам, што быў з ім. Некалькі дзён яны правялі ў замкнёным аўтамабілі, на якім іх вывезлі тэрарысты. Затым былі змешчаны ў турму.

У той жа час было зняволена дзвесце хрысціян з вобласці, дзе ісламісты захапілі Эль-Карытэйн і абвясцілі шарыят.

Выкраданне святара стала шокам таксама для мусульман, таму што а. Мурад быў адным з самых вядомых і самых паважаных людзей не толькі ў горадзе, але і ва ўсім рэгіёне. Ён быў шырока вядомы сваёй прыязнасцю ў адносінах да мусульманаў, у тым ліку да мусульманскіх святароў, якіх наведваў – у адпаведнасці з правіламі ветлівасці ўсходніх суседзяў.

Найбольш сіра-каталіцкага святара паважалі за тое, што ў час грамадзянскай вайны яго кляштар дапамагаў не толькі хрысціянам, але і мусульманам.

Айцец Мурад дапамагаў і адным, і другім, выкарыстоўваючы сродкі, якія атрымліваў ад міжнародных арганізацый і прыватных асоб.

Святар быў паспяховым пасярэднікам паміж урадавымі войскамі і паўстанцамі падчас грамадзянскай вайны, вырашальная бітва якой павінна была пачацца ў цэнтры Эль-Кар’ятэйна, дзе забарыкадзіраваліся паўстанцы. Пасярэдніцтва а. Мурада спрыяла таму, што паміж бакамі было дасягнута пагадненне.  Урадавыя сілы пакінулі горад, бо паўстанцы паабяцалі раззброіцца і паверылі, што гэта не пастка.

Такім чынам жыхарам удалося пазбегнуць разбурэнняў, а, значыць – абмінуць лёс бежанцаў.

Некаторыя мусульманскія святары набраліся мужнасці і звярнуліся да ўладаў «Ісламскай дзяржавы» з просьбай вызваліць а. Мурада, але яна не была прынята.

Ён па-ранейшаму заставаўся ў палоне. Гэта былі адзіныя звесткі пра яго. Аднак гэтых звестак было больш, чым пра выкрадзеных кс. Паўла Дал Агліа – яго кіраўніка і пробашча знакамітага кляштара Мар-Муса, і двух праваслаўных біскупаў Алепа, якіх  выкралі тры гады таму. Іх сляды былі страчаны.

Ніхто не чакаў, што а. Мурад будзе калі-небудзь вызвалены, таму першапачаткова ніхто не хацеў верыць, што гэта на самой справе ён знаходзіцца на волі.

Толькі афіцыйная заява Апостальскага Нунцыя, які пражывае ў Дамаску, пацвердзіла чуткі.
 
Сам а. Абуна Мурад зазначае, што ў яго няма пачуцця нянавісці і трыумфу. Ён не хоча прадстаўляць сябе ў якасці героя, а сведчыць хутчэй пра тое, што яго вызваленне – гэта сапраўдны цуд, за які ён удзячны Найсвяцейшай Панне Марыі.

Ён таксама заявіў, што сваім маральным доўгам лічыць распавесці свету пра нявінных людзей, якія церпяць ад ісламістаў толькі за тое, што з’яўляюцца хрысціянамі. Свет не можа ігнараваць гэтую несправядлівасць. Гэтыя людзі падвяргаюцца псіхічным і фізічным катаванням, для таго, каб зламаць іх волю. Айцец Мурад адчуў гэта на сабе.

Кожны дзень да яго прыходзілі «суразмоўнікі», якія пыталі, ці не вырашыў ён прыняць іслам. Калі святар адмаўляўся, яны крычалі на яго, што ён з’яўляецца рэнегатам, упарта прытрымліваючыся ілжывай веры, і, такім чынам, заслугоўвае таго, каб яму перарэзалі горла.

Айцец Мурад кажа, што поспех уцёкаў у значнай ступені з’яўляецца цудам, які адбыўся дзякуючы малітвам яго сяброў, параскіданых па ўсім свеце – тых, каго ён ведаў асабіста, а таксама тых, хто не ведаў яго, але за яго маліўся. Сярод іх былі і мусульмане.

Паводле Deon.pl (MV)

 


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.