Быў мусульманінам, стаў каталіцкім арцыбіскупам і ахрысціў свайго бацьку-імама |
22.10.2015 14:24 |
Старшыня епіскапату афрыканскай краіны Малаві распавёў у эфіры італьянскага тэлебачання пра свой лёс. Арцыбіскупа Томаса Луку Мсуса SMM з Малаві запрасілі ў эфір канала Tv2000 распавесці пра Сінод Біскупаў, які праходзіць у Ватыкане, аднак неспадзявана размова перайшла на гісторыю навяртання самога іерарха. «Я паходжу з мусульманскай сям'і, мой бацька быў імамам і адным з найбольш строгіх у краіне. Але аднойчы, калі я ўжо быў каталіцкім біскупам, прыйшоў да мяне, упаў на калені і сказаў: "Хачу ахрысціцца"», — распавёў арцыбіскуп. «Я папрасіў аб хросце, калі мне было 12 гадоў. Яшчэ раней збягаў з дому, бо ў сям'і пачуваўся чужым і прыніжаным. Хаваўся ў бліжэйшым каталіцкім касцёле, дзе місіянерамі былі святар з Італіі і манахіні. Яны былі з горада Бергама. Заўважылі, што часта сяджу ззаду, і зацікаліся мной. Прытулілі і далі мне любоў, якой я не меў у сям'і. Праз некалькі гадоў я стаў каталіцкім святаром без згоды бацькі і сям'і. Дома мяне праклялі», — казаў госць. Аднак з цягам часу навярнулася ўся сям'я будучага іерарха, а апошнім — бацька. «Ён прыйшоў да мяне ў 2004 годзе. Я быў узрушаны, казаў яму, што нават нехрысціянін можа пазбегнуць пекла. Але ён настойваў, што хоча стаць католікам, бо бачыць, што католікі ў нашай краіне жывуць у згодзе і спакоі, ствараюць сем'і, якія нясуць бліжнім шчасце, супольнасці ўзаемнай дапамогі». Бацька арцыбіскупа ахрысціўся, узяўшы імя Абрагам. Разам з сынам ён заснаваў фонд, у якім разам працуюць католікі і мусульмане. Паводле wiara.pl (АлГ) |