Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сіра-каталіцкі святар, выкрадзены ісламістамі: «Я чакаў, калі яны прыйдуць і перарэжуць мне горла»
27.10.2015 12:23

Сіра-каталіцкі святар, які ўцёк з палону ісламістаў, ужо больш за тыдзень знаходзіцца на волі. Ён упэўнены, што вызвалены дзякуючы гуманітарнай дапамозе, якую шмат гадоў аказваў мусульманам.

Айцец Жак Мурад сказаў пра гэта ў тэлефонным інтэрв’ю для Папскай Асацыяцыі дапамогі Касцёлу ў патрэбе. Гэта адна з арганізацый, якія падтрымлівалі яго дабрачынную дзейнасць.

Святар на працягу 12 гадоў быў пробашчам у парафіі Эль-Карытэйн у Сірыі, недалёка ад горада Хомс. Адтуль у маі гэтага года яго выкралі ісламісты. З іх рук ён вырваўся, дзякуючы дапамозе знаёмага, сям’ю якога ведаў у Эль-Карытэйне і пастаянна ёй дапамагаў.

Знаёмы святара, звязаны з ісламістамі, арганізаваў яму ўцёкі.  Ён вывез а. Мурада на матацыкле,  замаскіраваўшы яго пад ісламскага баевіка.

«Тое, што зрабіла ваша арганізацыя, каб нам дапамагчы, адыграла вельмі важную ролю ў маім вызваленні», - сказаў а. Мурад у інтэрв’ю Папскай Асацыяцыі. Ён нагадаў, што, калі Эль-Карытэйн быў адрэзаны ад водазабеспячэння, то дзякуючы дапамозе, атрыманай ад Папскай Асацыяцыі, святар змог пабудаваць рэзервуар для вады.

«Ваша дапамога вельмі паўплывала на ахову хрысціян, якія апынуліся ў руках "Ісламскай дзяржавы"», - заўважыў святар у інтэрв’ю.

Айцец Мурад апісаў ціск, які зведаў падчас зняволення. Ён распавёў, што аднойчы адзін з лідараў ІД прыйшоў да яго і сказаў: «У Эль-Карытэйне ўсе кажуць пра цябе і пытаюцца пра цябе». «Ён сказаў мне ісці за ім, павёў мяне з завязанымі вачыма і рукамі. Я апынуўся нібы ў велізарным тунэлі. Праз некаторы час мне развязалі вочы, і я ўбачыў усіх маіх парафіян, якія стаялі перада мной у прытулку, збудаваным на сродкі Дапамогі Касцёла ў патрэбе. Гэта было дзіўна», - распавёў святар.

Айцец Мурад на працягу 84 дзён быў у турме, дзе ісламісты пагражалі яму смерцю кожны дзень.

«Я чакаў, калі яны прыйдуць і перарэжуць мне горла», - сказаў ён. Святар перакананы, што намаганні, якія робіць Асацыяцыя, каб захаваць спакой, дапамаглі таксама і яму захаваць жыццё.

Паводле Deon.pl (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.