Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Афрыка: выкрадзены паўстанцамі святар-місіянер вяртаецца, каб працягнуць служэнне
27.10.2015 17:31

Год таму ён другі тыдзень знаходзіўся ў палоне. Сёння кс. Матэвуш Дзедзіц у дарозе да Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікі. Ён вяртаецца ў дыяцэзію Боўар, дзе быў выкрадзены і дзе зноў збіраецца аднавіць служэнне. Тое месца, дзе ён знаходзіўся ў зняволенні разам з 25 афрыканцамі, як падзяліўся святар, за 44 дні прабывання стала яго парафіяй.

«Я хачу вярнуцца туды, дзе працаваў на працягу пяці гадоў, таму што я быў шчаслівы там як святар і місіянер. Гэтым выкраданнем я быў вырваны з гэтай зямлі; я хачу сюды вярнуцца, каб працягваць сваю місію. Я ведаю гэтых людзей, ведаю іх патрэбы і цярпенні, якія яны асабліва спазналі падчас апошняй вайны, — кажа святар.

Я вяртаюся, бо хачу ім падзякаваць за тое, што былі са мною. Калі я быў зняволены, мае чорныя браты маліліся за мяне, вельмі перажывалі маё выкраданне, пасцілі ў маёй інтэнцыі. Я хачу стаць перад імі і асабіста падзякаваць. Таксама я вяртаюся, каб сустрэцца з вязнямі, сябрамі маёй нядолі. Я ведаю, што яны мяне чакаюць і мы разам хочам падзякаваць Богу за свабоду і жыццё».

Ксёндз Матэвуш Дзедзіц быў выкрадзены 13 кастрычніка 2014 года з парафіі ў Бабуа, дзе быў пробашчам. Выкрадаючы «белага», паўстанцы хацелі звярнуць увагу свету на іх нявыслуханую просьбу аб вызваленні іх лідара. Раней паўстанцы рабавалі, забівалі і выкралі 25 афрыканцаў.

Папа Францішак наведае Цэнтральна-Афрыканскую Рэспубліку 28 і 29 лістапада 2015 года. Гэта будзе трэцяя краіна ў яго першай пілігрымцы ў Афрыку пасля Кеніі і Уганды.

Паводле польскай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.