Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Тайланд: будысцкія манахі патрабуюць рэлігійнай дзяржавы
05.11.2015 15:43

У Тайландзе, які да нядаўняга часу быў адной з самых талерантных азіяцкіх краін, узмацняецца рэлігійны экстрэмізм.

Пад уплывам падзей у суседняй М’янме (Бірма), дзе на працягу некалькіх гадоў павялічваецца агрэсіўны будызм, тайскія будысцкія манахі пачынаюць ціснуць на мясцовыя ўлады, каб абвясціць Тайланд монаканфесійнай краінай. Для гэтага рыхтуюцца адпаведныя папраўкі ў праект новай канстытуцыі.

У абедзвюх краінах будызм вызнае пераважная большасць мясцовых жыхароў.

За апошнія гады новая сталіца М’янмы – горад Нейп’ідо – была сведкай шматлікіх актаў насілля і рэлігійнай нянавісці.

У краіне выкарыстоўваюцца ідэі антыісламскага радыкальнага будысцкага руху Ба Тая. Экстрэмісцкія погляды ўдалося прасунуць у рэлігійнае заканадаўства. Гэта прывяло да сегрэгацыі і пераследу мусульманскай меншасці рахінья.

З 2012 года ў М’янме было забіта на рэлігійнай глебе па меншай меры 300 чалавек, каля 140 тысяч былі вымушаны пакінуць свае дамы.

Гэтыя падзеі ўсё больш уплываюць на суседні Тайланд, які да гэтага часу быў вельмі адкрытым і памяркоўным у рэлігійных пытаннях. Ваенная хунта, якая прыйшла да ўлады ў 2014 годзе, адразу пачала працу над новай канстытуцыяй, якая па завяршэнні павінна быць адобрана рэферэндумам.

У верасні гэтага года прапанаваны праект новай канстытуцыі быў адхілены Нацыянальным Саветам рэформ Тайланда, таму што быў прызнаны недэмакратычным. Такім чынам, новую канстытуцыю прыйдзецца пісаць з нуля, што ў сваю чаргу прывядзе да затрымкі парламенцкіх выбараў, якія могуць быць праведзены толькі ў наступным годзе.

У Тайландзе налічваецца каля 350 тысяч будысцкіх манахаў. Іх, таксама як і вялікую частку іх адзінаверцаў, турбуе пранікненне ў розныя рэгіёны краіны мусульман, якія зараз складаюць большасць у чатырох паўднёвых рэгіёнах, што мяжуюць з Малайзіяй.

Пачынаючы з 2004 года, там даходзіць да жорсткіх сутыкненняў і актаў насілля, у выніку якіх да гэтага часу ўжо загінула больш за 6,5 тыс. чалавек.

Паводле eKai.pl (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.