Законніца перамагла ў кулінарным рэаліці-шоў на амерыканскім ТБ |
11.11.2015 14:03 |
Услед за сястрой Крысцінай Скучыяй, якая выйграла конкурс «Голас Італіі», у Злучаных Штатах яшчэ адна каталіцкая законніца перамагла ў тэлевізійным шоў, на гэты раз — кулінарным. Прыз у 10 тысяч долараў 30-гадовая сястра Аліцыя Торэс ахвяруе на кухню для бедных. «Я раблю гэта дзеля Хрыста. Я хачу паказаць, наколькі поўным можа быць жыццё, прысвечанае Богу. Хачу таксама, каб дзякуючы майму ўдзелу ў гэтым шоў звярнулі ўвагу на самых бедных сярод нас, якія вельмі каштоўныя для Езуса», — распавядае законніца пра мэту ўдзелу ў шоў. Сястра Аліцыя Торэс — адна з заснавальніц супольнасці сясцёр францішканак ад Эўхарыстыі. Сёстры асабліва шануюць Найсвяцейшую Эўхарыстыю, прыярытэтнымі для іх з'яўляецца служэнне бедным і евангелізацыя. Сястра Аліцыя працуе на кухні для бедных у адным з раёнаў Чыкага, менавіта там яна мае магчымасць эксперыментаваць і ўдасканальваць свае кулінарныя здольнасці. «У дзевяці з дзесяці выпадкаў атрымліваецца на самой справе смачна», — з усмешкай кажа законніца. Сястра кажа, што кухня ўтрымліваецца з ахвяраванняў, а таксама што ніколі на самой справе не вядома, колькі людзей прыйдзе абедаць, таму «прыходзіцца выдумляць нешта новае кожны дзень». Законніца дадае, што дзякуе такім чынам Пану, які благаслаўляе і падтрымлівае іх ініцыятывы. Каб атрымаць перамогу, сястра перамагла ў трох раўндах: падрыхтавала дэсерт, лёгкую закуску, а вырашыла ўсё страва для абеду з нагоды Дня падзякі — тут сястры Аліцыі роўных не было. За перамогу ў рэаліці-шоў манахіня атрымала 10 тысяч долараў, якія плануе накіраваць на развіццё кухні для бедных. Паводле katolik-gomel.by, catholicnewsagency.com, chicagotribune.com (АлГ) |