У Дзень Незалежнасці Польшчы было зладжана шмат малітваў і Імшаў за краіну і народ |
11.11.2015 19:08 |
«Пане, учыні нас адным народам, учыні, каб мы былі адно. Дай нам адно сэрца і адзін дух. Кожнага з нас падпарадкуй пакліканню народа, які Ты сам стварыў і які палюбіў. Просім, абудзі ў нас нацыянальны дух і ратуй нас ад падзелаў. Няхай дзякуючы мудрасці і сумленнасці грамадзянаў пануе ў ёй згода і справядлівасць, каб жылі мы ў супакоі», — прамовіў словамі святога Яна Паўла ІІ у малітве за польскі народ і суседнюю Беларусі краіну, з якой у нас шмат агульнага гістарычнага мінулага, біскуп Стэфан Рэгмунт падчас святочнай Імшы. 11 лістапада 1918 года Польшча пасля 123 гадоў зняволення суседнімі народамі атрымала доўгачаканую незалежнасць. З гэтай нагоды традыцыйна ў многіх касцёлах краіны адбыліся ўрачыстыя Імшы ў інтэнцыі вольнай Польшчы і яе народа. Напрыклад, біскуп Стэфан Рэгмунт у гаміліі звярнуў увагу на палітычную сітуацыю краіны: «Мы з’яўляемся сведкамі зменаў, якія адбываюцца ў Польшчы, грамадства абрала новага прэзідэнта, новы парламент па сваёй волі, паказала на людзей, якія павінны іх рэпрэзентаваць». Таксама біскуп падкрэсліў, што існуюць як тыя, хто ўскладае вялікія надзеі на абраных людзей, так і тыя, якія крытыкуюць. У сувязі з гэтым іерарх заклікаў: «Трэба, каб мы былі разам, зрабіць выбар недастаткова. Трэба выйграць вайну, выйграць тое дабро, якое ўжо ёсць, якое мы бачым, як мэту нашых намаганняў». Арцыбіскуп Марэк Ендрашэўскі у гаміліі падкрэсліў, што гэта менавіта хрысціянства «дало пачатак нашай Айчыне… Польскі народ, цябе ацаліла арганічная сувязь з Каталіцкім Касцёлам». Сцяг паўстанцаў 1831 г. Арцыбіскуп Войцех Зэмба падкрэсліў, што як і раней, так і зараз найважнейшым момантам з'яўляецца захаванне памяці, гісторыі і культуры. Іерарх адзначыў таксама, што ў справе здабывання польскай незалежнасці вырашальным было не ўзброенае супрацьстаянне, а культурнае: «Найбольшае змаганне ў часы няволі адбывалася не на палях бітваў, але яно было на полі культуры. Яно было вялікае, цяжкае, але вельмі паспяховае. Людзі культуры перадавалі прыгажосць польскай мовы, абуджалі дух і прагненне свабоды». Многія гады гэтыя словы пра важнасць захавання і абароны сваёй нацыянальнай культуры застаюцца значнымі і для беларусаў. Напрыканцы гаміліі біскуп Зэмба заклікаў маліцца ў інтэнцыі настаўнікаў, людзей, адказных за СМІ, каб яны клапаціліся пра патрыятычнае выхаванне і ўнутраную свабоду жыхароў Польшчы, а таксама за бацькоў, бо «нідзе больш, а ў сем’ях, выхоўваюцца героі Айчыны альбо яе здраднікі». Лёс польскага народа, які ў 1795 годзе страціў незалежнасць у выніку трэцяга падзела Рэчы Паспалітай, падзяляў і беларускі народ. Гэтыя гады былі не проста часам няволі, але часам нястомнага змагання за сваё самавызначэнне, за сваю вольнасць і годнасць. Віншуючы заходняга суседа з гэтым важным святам, заўсёды варта памятаць, што нацыянальнае адраджэнне не можа быць без адраджэння духоўнага.
Паводле матэрыялаў kai.pl падрыхтавала Аксана Ючкавіч |