Сірыя: драматычная сітуацыя хрысціян у Алепа |
12.11.2015 10:10 |
Невялікія запасы гуманітарных сродкаў не дазваляюць нам задаволіць вялікія патрэбы нашых верных – кажа арцыбіскуп Дэніс Антоні Чагда. Сіра-каталіцкі ардынарый Алепа падчас сустрэчы з Асацыяцыяй Дапамогі Касцёлу ў патрэбе звярнуў увагу на драматычную сітуацыю супольнасці верных, дзе ён выконвае абавязкі душпастыра. «Да пачатку вайны ў маёй дыяцэзіі было 1500 сем’яў, у цяперашні час засталося амаль 800», – адзначыў арцыбіскуп Чагда. Іерарх дадаў, што Касцёл дапамагае рэгулярна амаль усім з іх, забяспечваючы адзеннем, прадуктамі харчавання і медыкаментамі. «Наколькі гэта магчыма, я заплаціў за набыццё тавараў першай неабходнасці, напрыклад, такіх, як мазут. Зімой у Алепа вельмі холадна, і на працягу некалькіх месяцаў горад жыве без электрычнасці. Мазут з’яўляецца адзіным спосабам, каб сем’і маглі сагрэцца», – распавёў ардынарый гэтага сірыйскага горада. Акрамя адсутнасці вады і электраэнергіі, многія людзі ў выніку вайны страцілі свае дамы. Большая частка насельніцтва эмігравала. Хрысціянскія сям’і, якія засталіся, – гэта бедныя, таму што яны былі не ў стане пакінуць краіну, падкрэсліў арцыбіскуп Дэніс Антоні Чагда. У выніку бамбаванняў таксама была разбурана сіра-каталіцкая катэдра і рэзідэнцыя арцыбіскупа. Нягледзячы на сур’ёзныя пашкоджанні, якія закранаюць іншыя цэрквы, усюды служацца святыя Імшы і праводзяцца малітвы. Паводле Deon.pl (MV) |