Парыж: пачуццё страху, адчуванне салідарнасці |
14.11.2015 15:27 |
Зло не павінна трыумфаваць. З такімі словамі французскі епіскапат звяртаецца ў гэтыя дні да вернікаў. «Першая рэакцыя французскіх біскупаў, зразумела, шок. Затым перадусім гэта спачуванні членам сем’яў загінулых», — паведаміў манс. Олівер Думас, генеральны сакратар і прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Францыі. «Усе свае малітвы ў гэтай інтэнцыі мы прысвяцім Богу, які з’яўляецца мірам і надзеяй, з упэўненасцю ў тым, што зло не можа і не будзе трыумфаваць. Мы павінны падтрымліваць адзін аднаго ў гэтай сітуацыі, каб перамагчы гэтую тэрарыстычную небяспеку. Не толькі Парыж быў мэтай гэтых атак, але ўсё грамадства, адмысловы спосаб жыцця быў сёння атакаваны». У пісьмовым тлумачэнні арцыбіскуп французскай сталіцы кардынал Андрэ Арман Вэн-Труа прыгадаў атакі тэрарыстаў з пачатку года ў Парыжы, а таксама ў Бейруце і Нігерыі і іншых частках свету. «Супраць гвалту патрэбна сэрца, якое не перапоўнена нянавіcцю, — сказаў кардынал. — Мы просім аб міласці быць тымі, хто сумесна будуе мір. Мы ніколі не можам дазволіць сабе сумнявацца ў міры, які будуецца на справядлівасці». Мансеньёр Олівер Думас адзначыў: «У мінулую ноч усе мы бачылі: многія з тых, хто больш не мог сядзець дома, адкрылі свае дзверы. Інакш кажучы: зрабілі лепшае з таго, што маглі, каб хоць нешта супрацьпаставіць таму горшаму. Роля хрысціян павінна заключацца ў тым, каб уносіць дабро і клапаціцца пра тое, каб гэтае дабро пашыралася і ўсё больш рабілася бачным. Патрэбна малітва, гэта для нас як удых паветра для нашага існавання; а таксама спачуванне. Мы стаім на баку тых, хто зараз пакутуе. І ўсе мы павінны захоўваць супакой. Мы павінны і далей быць разам і сумесна змагацца, каб станавіцца мацней: "Разам мы мацнейшыя"». Паводле нямецкай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (IL)
|