Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Колькасць веруючых у свеце будзе расці — прагноз
19.11.2015 14:09

Здагадкі аб хуткай смерці рэлігій былі перабольшаныя. Паводле нядаўніх даследаванняў, рост рэлігійных груп ва ўсім свеце, па прагнозах, будзе ў 23 разы больш, чым рост нерэлігійных груп паміж 2010 і 2050 г.

Сёння ў сямі краінах G8 большасць насельніцтва — хрысціяне. Але, па прагнозах, у 2050 годзе толькі адна з вядучых эканомік свету будзе ў краіне з хрысціянскай большасцю — ЗША. Іншымі лідарамі па аб'ёму эканамікі ў 2050 годзе, па прагнозах, будуць: краіна з індуісцкай большасцю (Індыя), краіна з мусульманскай большасцю (Інданезія) і дзве краіны з выключна высокім узроўнем рэлігійнай разнастайнасці (Кітай і Японія).

Пра гэта паведамляюць аўтары даклада Changing religion, changing economies, які выкарыстоўвае дэмаграфічныя даныя часопіса Demographic Research.

Рост рэлігійнай разнастайнасці і рэлігійных груп насельніцтва вядзе да росту іх уплыву, ствараючы новыя выклікі і магчымасці для свецкай часткі грамадства, урадаў і эканомік.

Уплыў рэлігіі знаходзіцца на ўздыме ў глабальным маштабе. Да сярэдзіны гэтага стагоддзя колькасць веруючых людзей, як чакаецца, вырасце на 2,3 млрд з 5,8 млрд у 2010 годзе да 8,1 млрд у 2050 г. А колькасць людзей, якія не адносяць сябе да пэўнай рэлігіі (у тым ліку тых, якія кажуць, што для іх рэлігія не з'яўляецца «чымсьці асаблівым», а таксама тыя, хто самастойна адносіць сябе да агностыкаў і атэістаў), па прагнозах, павялічыцца на 0,1 млрд з 1,13 млрд у 2010 годзе да 1,23 млрд у 2050 годзе. І гэта значна менш, чым нават у 1970-х гадах пры камунізме, калі амаль кожны пяты чалавек па ўсім свеце лічыўся нерэлігійным.

Ніжэй пералічаныя асноўныя вынікі глабальных рэлігійных і эканамічных зменаў для кожнай з рэлігійных груп.

Хрысціянства

Хрысціянскае насельніцтва ў свеце будзе расці, па прагнозах, прыкладна тымі ж тэмпамі, што і насельніцтва ў свеце паміж 2010-2050 г.

Найбольшая колькасць хрысціян жыве зараз у Амерыцы, у той час як да 2050 г. яна будзе найбольшай, як чакаецца, у краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары.

Эканамічны рост краін з хрысціянскім насельніцтвам, як чакаецца, узрасце, але будзе значна меншым, чым эканамічны рост у цэлым у свеце.

У бліжэйшыя гады эканамічны ўплыў хрысціянскага насельніцтва, як чакаецца, застанецца ў значнай ступені дамінуючым у Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, у Еўропе ўплыў крыху паменшыцца, а на поўдзень ад Сахары і ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне крыху павялічыцца.

Юдаізм

Рост іўдзейскага насельніцтва ў свеце запавольваецца і адстае ад тэмпаў росту насельніцтва ў свеце; аднак колькасць іўдзеяў, як чакаецца, у 2050 г. павялічыцца на два мільёны чалавек.

Зараз найбольшая колькасць іўдзеяў жыве ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы (у асноўным у ЗША), у той час, як чакаецца, да 2050 г. найбольшай яна будзе на Блізкім Усходзе і ў Паўночнай Афрыцы.

Эканамічны рост краін з іўдзейскім насельніцтвам узрасце, але будзе значна меншым, чым эканамічны рост у свеце ў цэлым.

У бліжэйшыя гады эканамічны ўплыў іўдзеяў крыху знізіцца ў Амерыцы і, адпаведна з павелічэннем іх колькасці на Блізкім Усходзе і Паўночнай Афрыцы, вырасце ў дадзеных рэгіенах.

Іслам

Колькасць мусульман у свеце, як чакаецца, вырасце амаль у два разы ў перыяд паміж 2010 і 2050 г. Мусульмане стануць самай вялікай рэлігійнай групай у свеце.

Самая вялікая колькасць мусульман зараз жыве ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне. Гэтая сітуацыя не зменіцца і ў 2050 г. Эканамічны рост краін з мусульманскім насельніцтвам, як чакаецца, будзе значна апярэджваць рост сусветнай эканомікі.

Прагназуецца, што Індыя да 2050 абыйдзе Інданезію і будзе мець найбольшую колькасць мусульманскага насельніцтва ў свеце.

У бліжэйшыя гады эканамічны ўплыў мусульманскага насельніцтва, як чакаецца, будзе ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне, а  агульны эканамічны рост Індыі таксама дапаможа памножыць некаторыя глабальныя эканамічныя рэсурсы мусульман.

Нерэлігійная група

Рост нерэлігійнага насельніцтва запавольваецца і будзе значна меншым, чым рост колькасці насельніцтва ў свеце.

Найбольшая колькасць нерэлігійнага насельніцтва свету жыве ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне (больш за палову такіх людзей жывуць у Кітаі). Аднак у будучыні прагназуецца значны рост нерэлігійнага насельніцтва ў Амерыцы.

Эканамічны рост для краін, дзе вялікая доля дадзенай групы насельніцтва, як чакаецца, будзе на адным узроўні з глабальным эканамічным ростам у бліжэйшыя гады.

Эканамічны ўплыў нерэлігійнага насельніцтва будзе расці ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне і нязначна памяншацца ў Еўропе і Амерыцы.

Індуізм

Колькасць прыхільнікаў індуізму ў свеце, як чакаецца, вырасце на 400 мільёнаў чалавек паміж 2010 і 2050 г., але, па прагнозах, доля адносна насельніцтва свету застанецца на тым жа ўзроўні.

Найбольшая колькасць індуістаў у свеце жыве ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне (асабліва ў Індыі) і будзе працягваць жыць у гэтым рэгіёне ў бліжэйшыя дзесяцігоддзі.

Эканамічны рост краін, дзе жывуць індуісты, будзе, як чакаецца, значна апярэджваць рост сусветнай эканомікі, галоўным чынам за кошт развіцця эканомікі Індыі.

Пераважная большасць эканамічных рэсурсаў, даступных для індуістаў, і, як вынік, уплыву, знаходзіцца ў Індыі, але індуісты ў Злучаных Штатах і Злучаным Каралеўстве таксама ўносяць значны ўклад у глабальны эканамічны ўплыў прыхільнікаў індуізму.

Будызм

Колькасць будыстаў у свеце, як чакаецца, застанецца на тым жа ўзроўні — прыкладна 500 мільёнаў, але, па прагнозах, скароціцца доля будысцкага насельніцтва ў свеце.

Найбольшая колькасць будыстаў у свеце жыве ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне (у прыватнасці ў Кітаі); там жа і будзе жыць, паводле ацэнак, большасць будыстаў.

Нягледзячы на адсутнасць росту насельніцтва сярод будыстаў, эканамічны рост сярод краін з будысцкім насельніцтвам, як чакаецца, будзе на адным узроўні з глабальным эканамічнага ростам, у значнай ступені з-за эканамічнага ўздыму Кітая.

Кітай і Японія сумесна забяспечваюць амаль усе эканамічныя рэсурсы і ўвесь эканамічны ўплыў будыстаў у свеце. Аднак прагназуецца, што будысты ў Злучаных Штатах таксама будуць уносіць значны ўклад у агульную колькасць рэсурсаў і сусветны ўплыў будыстаў.

Паводле scarb.by

(АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.