Амерыканская каталічка атрымала прэстыжную ўзнагароду CNN |
23.11.2015 09:40 |
28-гадовая Мэгі Дон атрымала ўзнагароду CNN «Герой года» за дапамогу дзецям-сіротам і людзям з бедных сем'яў у Непале. «Бог прысутнічае ў маёй справе дапамогі бедным», – прызнаецца пераможца. Пяць гадоў таму Мэгі Дон, якая паходзіць з Нью-Джэрсі, заснавала ў Непале дом для дзяцей з бедных сем'яў. Такім чынам яна старалася дапамагчы жанчынам і дзецям, якія пацярпелі ад грамадзянскай вайны ў Непале, праведзенай партызанамі. Мэгі пачала сваю дзейнасць з пяці тысяч долараў, якія зарабіла, калі была нянькай для дзяцей. Пазней яна заснавала фонд «BlinkNow», які фінансуе дзейнасць дзіцячага дома для 51 дзіцяці, школы на 350 навучэнцаў, паліклінікі і цэнтра падтрымкі для жанчын. «Калі б 10 гадоў таму вы мне сказалі, што я буду мець 50 дзяцей, то я б сказала, што вы звар’яцелі. А зараз я вар’ятка», – жартуе сёлетняя «Гераіня года». Першапачаткова непальскія ўлады не былі зацікаўлены ў дзейнасці маладой амерыканкі, таму што баяліся росту хрысціянскага ўплыву. «Я сказала кіраўніку мясцовай адміністрацыі, што пакінула ўсё, каб дапамагчы дзецям, і я хачу тут жыць, таму што я знайшла сваё шчасце, і ўпэўнена, што Бог прысутнічае ў маёй справе дапамогі бедным», – паведаміла Мэгі і запэўніла, што 110 тысяч долараў, атрыманыя ў якасці ўзнагароды ад CNN, будзе выкарыстоўваць, каб дапамагчы дзецям у Непале. Паводле Deon.pl (MV) |