Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прэзідэнт Перу прыме ўдзел у беатыфікацыі польскіх францішканаў
25.11.2015 11:32

Прэзідэнт Перу Ольянта Умала абвясціў пра свой удзел у беатыфікацыі польскіх францішканаў а. Міхала Тамашака і а. Збігнева Стшалкоўскага,  забітых у 1991 годзе ў Перу. Разам з імі будзе беатыфікаваны італьянскі святар Алесандро Дордзі, які памёр пакутніцкай смерцю ў Перу ў тым жа годзе.

Беатыфікацыю здзейсніць 5 снежня ў Чымботэ прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардынал Анджэло Амата.

Айцы Міхал Tамашак і Збігнеў Стшалкоўскі загінулі у Пар’якота 9 жніўня 1991 года. Група членаў мааісцкай тэрарыстычнай арганізацыі «Светлы шлях» уварвалася ў парафіяльны дом і вывезла манахаў на мясцовыя могілкі. Там а. Міхал быў забіты стрэлам у шыю, а. Збігнеў – у спіну і галаву.

У некалькіх кіламетрах ад Пар’якоты 25 жніўня 1991 года быў расстраляны а. Алесандро Дордзі. Працэс беатыфікацыі трох святароў, пачаты яшчэ ў 90-х гадах, скончыўся абвяшчэннем іх мучанікамі 3 лютага гэтага года.

5 снежня польская пошта ўводзіць у зварот паштовыя маркі з выявай а. Стшалкоўскага і а. Tамашака з подпісам «Сведкі надзеі – благаслаўлёныя польскія місіянеры».

У дзень беатыфікацыі францішкане арганізуюць урачыстасці падзякі ў базыліцы св. Францішка ў Кракаве. У 16.00 святую Імшу будзе цэлебраваць арцыбіскуп Кракава кардынал Станіслаў Дзівіш, а гамілію прамовіць а. праф. Веслаў Бар OFMConv.

Падчас літургіі ўпершыню будзе гучаць «Імша за мучанікаў», напісаная кампазітарам і дырыжорам з Кракава Пятром Дубінкай.

Адразу ж пасля Імшы ў кляштары францішканаў адкрыецца Капліца парэшткаў пакутнікаў з Пар’якота. У ёй будзе экспанавана крывавая вопратка, у якой місіянеры былі забіты 24 гады таму. Яна з’яўляецца рэліквіяй першай ступені, якая захоўвалася да гэтага часу ў Правінцыялаце (курыі францішканаў).

Можна будзе таксама ўбачыць прадметы, якімі штодзень карысталіся новыя благаслаўлёныя, што былі перададзены сем’ямі мучанікаў, і пачуць іх галасы, запісаныя перад іх ад’ездам у місію.

Акрамя таго, у гэты дзень вернікам будзе прэзентаваны відэакліп да беатыфікацыйнага гімна «Сведкі надзеі». Ужо зараз ён даступны для прагляду на YouTube.

Францішкане таксама плануюць малітву праслаўлення за благаслаўлёных братоў, якая адбудзецца ў нядзелю, 6 снежня, у 20.00 у зале бл. Якава.

Паводле Deon.pl (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.