Забаронены ў кінатэатрах Вялікабрытаніі ролік з малітвай «Ойча наш» з’явіўся ў інтэрнэце |
26.11.2015 17:21 |
Царква Англіі вырашыла паказаць відэаролік з малітвай «Ойча наш» у трох сеткавых кінатэатрах краіны. Аднак паказ роліка быў забаронены. Тым не менш, стужку можна паглядзець на Youtube. 60-секундны ролік павінен быў папярэднічаць паказу сёмай часткі «Зорных войнаў», гэта забяспечыла б вялікую аўдыторыю гледачоў. У ім па сюжэце хрысціяне рознага полу, узросту, сацыяльнага становішча і прафесіі чытаюць малітву «Ойча наш». У здымках прынялі ўдзел дзеці, бежанцы і нават архіепіскап Кентэрберыйскі.
Стужка была ўхвалена Камісіяй па рэкламе і кіно і прызнана годнай для паказу ў любой аўдыторыі Брытанскім саветам па класіфікацыі кінафільмаў. Нягледзячы на гэта, кінатэатры адмовіліся паказваць ролік. Па словах прадстаўнікоў сеткі кінатэатраў, яго паказ мог пакрыўдзіць рэлігійныя пачуцці людзей іншых веравызнанняў або няверуючых. Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмерон назваў смешным рашэнне забараніць паказ роліка. Раскрытыкаваў гэтае рашэнне таксама мэр Лондана Борыс Джонсан.
«Гэтай малітве дзве тысячы гадоў. Яна ўвасабляе ўсю нашую культуру. Чакаю, што кінатэатры зменяць сваю пазіцыю», – напісаў ён у твітары. Свой водгук наконт гэтай падзеі пакінуў таксама Рычард Докінз, біёлаг, эвалюцыяніст, вядомы атэіст, аўтар знакамітай публікацыі «Бог як ілюзія», які сказаў: «Калі кагосьці абражае штосьці настолькі простае, як малітва, то ён заслугоўвае таго, каб быць пакрыўджаным». На сёння ролік можна паглядзець на Youtube. Марына Валасар, паводле Deon.pl і Интерфакс культура |