У 2014 годзе ў крызісных цэнтрах Расіі ад абортаў адгаварылі 29 тысяч жанчын |
27.11.2015 11:15 |
«У Расіі дзейнічае 385 крызісных цэнтраў дапамогі цяжарным жанчынам, якія аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі», – паведаміла глава камітэту Дзярждумы Расіі па пытаннях сям’і, жанчын і дзяцей Вольга Епіфанава. «Для папярэджання абортаў у 2014 годзе ў цэнтрах медыка-сацыяльнай падтрымкі было пракансультавана больш за 200 тысяч жанчын. У гэтым жа годзе каля 29 тысяч жанчын адмовіліся ад штучнага перарывання цяжарнасці. Значыць, столькі дзяцей было выратавана», – заявіла дэпутат, выступаючы на IV форуме ўсерасійскай праграмы «Святасць мацярынства» 26 лістапада ў Казані. Яна таксама паведаміла, што рэгіёнам пастаўлена задача распрацаваць канцэпцыю інфармацыйнай бяспекі дзяцей, у якую ўвойдуць нарматыўныя акты аб дзяржпадтрымцы сацыяльна значных тэлевізійных і радыёпраграм, дакументальных фільмаў і дзіцячых сайтаў. «Мы прыступілі да рэалізацыі мерапрыемстваў на 2015-2018 гады першага этапа Канцэпцыі дзяржаўнай сямейнай палітыкі. А гэта цэлы блок мерапрыемстваў, накіраваных на павышэнне каштоўнасці сямейнага ладу жыцця, захаванне духоўна-маральных традыцый у сямейным выхаванні і культурна-адукацыйнага патэнцыялу сям’і», – сказала Вольга Епіфанава.
Праграма «Святасць мацярынства» рэалізуецца з 2006 года Цэнтрам нацыянальнай славы Расіі і Фондам Андрэя Першазваннага. У ліку праектаў праграмы – стварэнне цэнтраў абароны мацярынства і дзяцінства, перадабортнае кансультаванне, арганізацыя прафесійных курсаў для адзінокіх маці, правядзенне міжнароднага форума «Шматдзетная сям’я і будучыня чалавецтва», усерасійскага конкурсу для журналістаў «Сям’я і будучыня Расіі», фотавыстаў, папулярызацыя ідэі заснавання новага свята – Дня таты, развіццё валанцёрскага руху. Дзякуючы працы псіхолагаў у жаночых кансультацыях, у межах гэтай праграмы ад абортаў удалося адгаварыць каля 10 тысяч цяжарных. Паводле Интерфакс религия (MV) |