Першая міжнародная канферэнцыя глухіх католікаў прайшла ў Азіі |
30.11.2015 16:48 |
Выклікі евангелізацыі глухіх сталі асноўнай тэмай першай міжнароднай азіяцкай канферэнцыі глухіх католікаў, якая адбылася ў Тайландзе. «Гэтая канферэнцыя — унікальны сход пастыраў, сяброў рэлігійных супольнасцяў і свецкіх, на якім праз выкарыстанне мовы жэстаў ішла размова пра штодзённае жыццё вернікаў у кансерватыўных культурах Азіі», - сказаў капелан Асацыяцыі глухіх католікаў Тайланда айцец Пітэр Тірапонг Канпігул. «Мэтай з'яўляецца вывучыць існуючую сітуацыю, каб паглыбіць разуменне праблем, якія стаяць перад тымі, хто працуе з нечуючымі, разуменне таго, як уключыць іх у літургічнае і сацыяльнае жыццё Касцёла і грамадства», — дадаў свята. У канферэнцыі ўдзельнічала больш за 100 прадстаўнікоў краін Азіі — Тайланда, Камбоджы, Японіі, Сінгапура, Шры-Ланкі, Індыі, Інданэзіі, Паўднёвай Карэі, Лаоса, Макаа, Ганконга, Філіпін, Малайзіі. «Глухата — нябачная рэч, таму ніхто не заўважае і не разумее яе, большасць людзей не сутыкаецца з глухімі і не бачыць іх праблем. Але глухіх шмат, яны стаяць з намі ў чарзе ў супермаркеце, і ніхто іх не заўважае, пакуль яны не пачынаюць выкарыстоўваць мову жэстаў», — адзначае айцец Чарльз Дзіттмайцер, амерыканскі святар, які больш за 30 гадоў працуе місіянерам у Азіі. «Глухія атрымліваюць інфармацыю вачыма, а не органамі слыху, таму трэба падрыхтоўваць катэхізатараў і настаўнікаў адпаведным чынам», — дадаў святар. Яшчэ адным важным удзельнікам канферэнцыі быў айцец Кірыл Аксельрод, адзіны ў свеце глухі і сляпы святар. Ён выразіў надзею, што Папа Францішак будзе звяртаць увагу на выклікі, якія стаяць перад глухімі людзьмі, і дапаможа адкрыць пакліканні да святарскага і манаскага жыцця сярод глухіх ці людзей з іншымі інваліднасцямі. Catholicnewsagency.com (АлГ) |