Хрысціяне і мусульмане Польшчы разам маліліся аб супакоі ў свеце |
30.11.2015 19:05 |
«Экстрэмісты блюзнераць. Не дапусцім гэтага» – такі надпіс можна было ўбачыць на мусульманскім культурна-адукацыйным цэнтры ў Вроцлаве, ад якога 27 кастрычніка ў другой палове дня вырушыла дэманстрацыя пад назвай «Не ад нашага імя». На транспарантах і плакатах можна было прачытаць: «Я – мусульманін, я – суніт, я супраць “Ісламскай Дзяржавы”», «Не – “Ісламскай Дзяржаве”», «Разам супраць тэрарызму» і шматлікія іншыя лозунгі. Удзельнікі кароткага маршу, у якім прынялі ўдзел таксама мэр горада Рафал Дуткевіч і прадстаўнікі габрэйскай абшчыны прайшлі да касцёла св. Антонія, дзе іх прывітаў пробашч а. Фабіян Калтбах. «Божа, зрабі нас інструментамі твайго супакою, каб мы сеялі любоў там, дзе пануе нянавісць» – так пачаў маліцца святар. Пасля з прамовай выступіў імам Алі Абі Іса: «кожны чалавек створаны на вобраз і падабенства Творцы, таму па сваёй сутнасці з’яўляецца недатыкальным. Яго кроў, маёмасць і гонар з'яўляюцца недатыкальнымі, незалежна ад паходжання, рэлігіі, або таго, што ён атэіст – сказаў імам і дадаў – «спакой з’яўляецца адным з атрыбутаў Творцы. Наш прарок сказаў, што мусульманін – гэта той, ад рукі і языка якога людзі не адчуваюць зла і могуць адчуваць сябе ў бяспецы». Айцец Фабіян нагадаў, што год таму ў Вроцлаве адбыўся марш, які аб’яднаў хрысціян, габрэяў і мусульман ў знак пратэсту супраць дзеянняў «ІД”, супраць тэрарыстаў. «Сёння мы збіраемся тут, молімся за мір, таму што справы ідуць не ў правільным кірунку. Мы розныя маральна, культурна, рэлігійна. Гэта відавочна, але ва ўсіх нас ёсць імкненне да міру. Мы, хрысціяне, лічым, што гэты спакой можа даць толькі Бог», – сказаў святар, нагадаўшы таксама францысканскі дэвіз «спакой і дабро» і той факт, што месцам, дзе нараджаецца спакой, з'яўляецца чалавечае сэрца. «У маім кабінеце вісіць крыж, таму што я хрысціянін, перад кабінетам вісіць барэльеф, які я атрымаў ад імама. На ім напісана: “Розныя культуры, але аднолькавае ўспрыманне”», – сказаў мэр Вроцлава Рафал Дуткевіч, падкрэсліўшы, што сустрэча з'яўляецца плёнам такога ўспрымання. У сваім выступе, ён запрасіў прысутных на канцэрт «Супраць расізму і ксенафобіі”, які адбудзецца ў Вроцлаве 10 снежня. Айцец Фабіян Калтбах, у сваю чаргу, запрасіў на штодзённыя малітвы за мір, якія адбываюцца ў францішканскім касцёле св. Антонія. Паводле wiara.pl (MV) |