Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Расіі выйшла кніга кардынала Берголіо і рабіна Скоркі
01.12.2015 11:49

У Расіі выйшла кніга «Аб нябесным і зямным». Гэтая праца — своеасаблівы дыялог двух сяброў па актуальных пытаннях свецкага і рэлігійнага жыцця: кардынала Хорхе Марыё Берголіо, цяперашняга Папы Францішка, і рабіна Абрагама Скоркі. Цікавы факт, што гэтая кніга выйшла дзякуючы працы габрэйскага выдавецкага дома «Кніжнікі» і выдавецтва «Тэкст».

Пра гэта паведамляе руская рэдакцыя Ватыканскага радыё.

Дырэктар выдавецтва «Тэкст» Альгерд Лібкін патлумачыў, чаму абраў менавіта гэтую кнігу для выдання. Па-першае, адзначыў ён, існуе цікавасць да гэтых вядомых асобаў, па-другое, грамадскасць можа зацікавіць пункт судакранання меркаванняў сучаснага каталіцызму і сучаснага іудаізму.

Сяброўства Папы Францішка і рэктара Лацінаамерыканскай равінскай семінарыі Абрагама Скоркі працягваецца ўжо доўгія гады. Іх аб'ядноўвае не толькі любоў да футболу, на глебе якой яны і пазнаёміліся. Яны пісалі ўступныя рэцэнзіі да кніг адзін аднаго, разам вялі цыклы радыё- і тэлеперадач, плёнам якіх і стала кніга «Аб нябесным і зямным». Зносіны гэтых двух аргенцінцаў не спыніліся і пасля абрання кардынала Берголіо на Святы Пасад. Рабін разам са сваімі адзінаверцамі рэгулярна бывае ў Ватыкане, таксама ён падарожнічаў разам з Папам у Ізраіль. Гэта добры знак, які спрыяе ўзаемаразуменню і ўмацаванню сувязяў паміж дзвюма рэлігіямі, якія вызнаюць аднаго Бога і ўшаноўваюць адну і тую ж кнігу.

Частка дэбатаў сяброў, якія тычацца такіх тэмаў, як Бог, фундаменталізм, глабалізацыя, атэізм, смерць, халакост, гомасексуалізм і капіталізм, якраз і змешчана ў кнізе «Аб нябесным і зямным».

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.