Біскупы Аргенціны заклікалі змагацца з наркагандлем |
04.12.2015 11:03 |
«Незаконны гандаль наркотыкаў – гэта нацыянальная трагедыя, крыніцай якой з’яўляецца дух дзікага капіталізму і ідалапаклонства грошай», – такі каментар наконт гэтай праблемы дала Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Аргенціны на заканчэнне сваёй пленарнай сесіі ў адмысловым прэс-рэлізе. Біскупы заклікалі прыняць рашучыя меры супраць незаконнага абароту наркотыкаў. Натхнёныя словамі Папы Францішка і занепакоеныя распаўсюджваннем гэтай з’явы, яны заклікалі усё грамадства сысці з гэтага шляху. Біскупы таксама заахвоцілі дзяржаву да моцнай і арганізаванай барацьбы са злачыннасцю ў гэтай галіне. «Вельмі прыкра, што наркотыкі, якія з’яўляюцца сімвалам смерці, распаўсюджваюцца ў Аргенціне. Арганізаваная злачыннасць распаўсюджваецца таксама праз іншыя формы знявольвання, такія, напрыклад, як гандаль людзьмі і зброяй, кантрабанда і продаж органаў або выкарыстанне дзіцячай працы», – падкрэслілі мясцовыя біскупы. Іерархі таксама заўважылі, што глабалізацыя абыякавасці, якая стварае культуру індывідуалізму, арыентаванага на спажыванне, стварае асяроддзе, якое спрыяе пашырэнню сетак незаконнага абароту наркотыкаў. Біскупы занепакоены і ростам гандлю малых доз розных прэпаратаў, вырабленых у хатніх умовах. Дылеры для іх распаўсюджвання часта выкарыстоўваюць дзяцей, нават з уласных сем’яў. «Існуе велізарная розніца ў ступені адказнасці паміж наркагандляром і бедным дзіцём, якое выкарыстоўваюць для распаўсюджвання наркотыкаў. Мы павінны паклапаціцца, каб асноўную адказнасць неслі не дзеці», – паведамляецца ў дакуменце аргенцінскіх біскупаў. Паводле Deon.pl (MV) |