Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цэрквы ЕС абмеркавалі праблему інтэграцыі мігрантаў
04.12.2015 11:46

Хрысціянскія Цэрквы ў Еўропе лічаць, што самай вялікай праблемай бежанцаў з’яўляецца іх інтэграцыя ў грамадстве і на рынку працы.

«Гэта выклік, з якім мы сутыкаемся ў Еўрапейскім Саюзе ў апошні час», – паведамляецца ў апублікаванай 2 снежня сумеснай заяве Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў (КЕЦ), Камісіі Канферэнцый Біскупаў Еўрапейскай Супольнасці (COMECE) і Царкоўнай Камісіі па справах мігрантаў у Еўропе (CCME) на заканчэнне семінару па міжкультурным дыялогу, арганізаванага сумесна з Еўрапейскай камісіяй.

«Цэрквы з’яўляюцца першым і найбольш важным месцам прыняцця мігрантаў і бежанцаў», - адзначаецца ў сумесным дакуменце.

У ім паведамляецца, што дзякуючы дабрачыннасці супольнасцяў і іх падтрымцы, мігранты змогуць лепш прыстасавацца да новага грамадства, таму важна стварыць прастору для сустрэч мігрантаў і супольнасцяў, якія іх прымаюць.

«Каб інтэграцыя змагла адбыцца, патрэбны выразныя палітычныя мэты, скаардынаваная рэакцыя і супольныя намаганні», - паведамляецца ў заяве біскупаў. 

На іх думку, з грамадзянамі, Цэрквамі і рэлігійнымі супольнасцямі павінна супрацоўнічаць улада. КЕЦ і COMECE сумесна заявілі, што пры гэтым нельга выпускаць з поля зроку чалавечую годнасць.

Паводле Deon.pl (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.