У гістарычнай сталіцы Польшчы прайшоў традыцыйны конкурс на найпрыгажэйшую стаенку |
07.12.2015 14:16 |
187 стаенак прадставілі на конкурс Кракаўскіх стаенак у Польшчы. Падчас конкурсу быў вызначаны пераможца, які атрымаў гран-пры, таксама былі адзначаны лепшыя сярод самых мініяцюрных, сярэдніх і вялікіх, а таксама дзіцячых і моладзевых стаенак. Пра гэта паведамляе deon.pl. Асаблівасць стаенак, якія рыхтуюць на конкурс у Кракаве, — прысутнасць у іх элементаў архітэктуры горада. Традыцыю кракаўскіх стаенак развівае Гістарычны музей горада. «Кракаўская стаенка — гэта не толькі прыгожы палац, які пераносіць нас у чароўны свет творчага ўяўлення, гэта таксама залаты сінтэз кракаўскіх легенд. Гэты конкурс з'яўляецца адной з падзей, якія выяўляюць ідэнтычнасць нашага горада», — адзначыў дырэктар конкурснай пляцоўкі Міхал Незабітоўскі. У гэтым годзе галоўнай узнагародай конкурсу журы адзначыла стаенку Лешэка Зажыцкага, працы якога ўжо на працягу дваццаці гадоў маюць найлепшыя ацэнкі. На рахунку майстра —14 галоўных узнагарод. Вышыня яго сёлетняй стаенкі, над якой майстар працаваў паўтары гады, — 1, 9 метра. Гэтая стаенка прадстаўляе Рынак Кракава з яго галоўнымі пабудовамі: касцёлам св. Войцеха, марыяцкім касцёлам, Ратушай, Сукенніцамі. У гэтым годзе выстава конкурсных стаенак будзе экспанавацца да 28 лютага. Стаенкі, якія выстаўлены на конкурс, робяцца з кардону, паперы, дрэва і каляровай фальгі. Кракаўская стаенка значна адрозніваецца ад традыцыйных бэтлеемскіх стаенак. Часцей за ўсё гэтыя стаенкі робяць па ўзору кракаўскіх касцёлаў. Вельмі часта майстры выкарыстоўваюць узор франтона Марыяцкай базылікі, а таксама вежы катэдры на Вавэлі. Апрача фігурак Святой Сям'і, традыцыйнымі героямі кракаўскіх стаенак становяцца Ляйконік, Цмок Вавэльскі, жыхары Кракава.
Самыя старэйшыя фігуркі, якія паходзяць з ХVI стагоддзя, захоўваюцца ў кракаўскім касцёле св. Андрэя. Да канца ХІХ стагоддзя вырабам стаенак займаліся муляры з ваколіц Кракава. Падчас святаў яны хадзілі са стаенкамі па хатах. Конкурс найпрыгажэйшых стаенак праводзіцца з 1937 года. Падчас Другой сусветнай вайны ён не праводзіўся, а аднавіўся ў 1945 годзе, калі на месцы разбуранага помніка Адама Міцкевіча зноў з'явіліся майстры — «стаенкаробы». З таго часу конкурс пачынаецца ў кожны першы чацвер снежня, а вынікі падводзяць у нядзелю. Арганізатарам з'яўляцца Гістарычны музей Кракава, які частку стаенак набывае для сваёй калекцыі. Самая старая стаенка з калекцый музея — стаенка Міхала Эзэнэк’ера (выраблена каля 1900 года). (AYU) |