Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Латвія: у Рызе на FM-хвалях распачало працу «Радыё Марыя»
10.12.2015 14:44

У Рызе распачало сваю працу латвійскае «Радыё Марыя». 8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, Мітрапаліт Рыжскі арцыбіскуп Збігнеў Станкевіч асвяціў працоўнае бюро новага радыё, якое распачало вяшчанне на ультракароткіх хвалях.

Да гэтага часу праграмы радыё трансляваліся толькі ў інтэрнэце.

Рэалізацыя гэтай каталіцкай медыяініцыятывы ў Латвіі стала магчымай дзякуючы матэрыяльнай і арганізацыйнай дапамозе з боку еўрапейскага аддзела Сусветнай Сям’і Радыё Марыя. Пра гэта паведамляе KAI.

Распачынаючы працу радыё на ФМ-хвалях, арцыбіскуп Збігнеў Станкевіч звярнуўся да слухачоў з прамовай пра Божую міласэрнасць і адказаў на пытанні. Іерарх падкрэсліў, што «Радыё Марыя», якое выйшла ў традыцыйны радыйны эфір, а не толькі ў інтэрнэт, выйшла на больш шырокі ахоп слухацкай аўдыторыі.

Да гэтай пары адзіным каталіцкім радыё ў Латвіі было рэгіянальнае «Радыё Latgales», вяшчанне якога ахоплівала толькі ўсходнюю частку краіны. «Сёння мы маем магчымасць ахапіць вяшчаннем не менш за палову жыхароў Латвіі», — сказаў Мітрапаліт Рыжскі. «У дзень адкрыцця Святых Дзвярэй і пачатку Года Міласэрнасці я мог абвяшчаць гэтую міласэрнасць над Латвіяй», — звярнуў увагу іерарх.

Латвійскае Радыё Марыя вяшчае ў Рызе, Ліепаі і Краславе 24 гадзіны ў суткі, прапаноўваючы слухачам на латышскай і рускай мовах малітвы, разважанні, хрысціянскую музыку, а таксама актуальныя навіны.

(IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.