У Італіі пазітыўна ацанілі кнігу амерыканскай журналісткі Ідэн Доўн пра цнатлівасць |
10.12.2015 15:41 |
У Італіі выходзяць рэцэнзіі на перавыдадзеную ў ЗША кнігу журналісткі Ідэн Доўн «Хвалюючая цнатлівасць: задавальненне ад таго, што ты апрануты». Кніга не засталася незаўважанай і для экуменічнай супольнасці Базэ, прыёр якой Энцо Б'янкі таксама яе пракаментаваў. «Казаць пра цнатлівасць няпроста, — піша ён. — Гаворка ідзе пра слова і пра феномен, якія часта разумеюць у дэфармаваным сэнсе, калі з яго наогул не кпяць або яго не адмаўляюць. Яго таксама блытаюць з нявіннасцю або атаясамліваюць з сексуальным устрыманнем». Ідэн Доўн — габрэйка, якая перайшла ў каталіцтва. Яна нарадзілася ў Нью-Ёрку ў 1968 годзе. У 1999 годзе пачала новы духоўны шлях, дзякуючы працам англійскага католіка Гілберта Кіта Чэстэртана. Доўн здабывае веру ў любоў Хрыста, чытаючы пяты раздзел Паслання апостала Паўла да Рымлянаў: «Апраўданыя паводле веры, мы маем мір з Богам праз Пана нашага Езуса Хрыста» (Рым 5, 1). Ідэн папрасіла аб хросце ў пратэстанцкай супольнасці. Калі кніга пра цнатлівасць выдавалася ў першы раз, аўтар толькі-толькі перайшла ад прагрэсіўнага іўдаізму да пратэстантызму. Журналістка звяртаецца да ўласнай гісторыі — яна падвяргалася насіллю ў сінагозе, а затым стала агностыкам, вяла бязладнае жыццё і пакутвала ад суіцыдальных думак. У 2006 годзе Ідэн далучылася да Каталіцкага Касцёла і выпусціла некалькі кніг, у якіх пераасэнсавала свой выпакутаваны вопыт, давяраючы яго ажыўляючаму хадайніцтву святых. Паступова Ідэн разумее, што любоў, якую яна шукае, можна здабыць толькі праз цнатлівасць. Казаць пра гэта ў грамадстве геданізму і грамадстве куплі-продажу чалавечага цела, найперш жаночага, азначае кінуць яму выклік. Таму вобраз цнатлівага чалавека, прапанаваны ў кнізе «Хвалюючая цнатлівасць», — гэта вобраз самага сапраўднага паўстанца. На старонках кнігі цнатлівасць зусім не выглядае адмаўленнем сексуальнай сферы чалавека, але прадстаўлена як спосаб яе сталай, дарослай рэалізацыі. Дабрачыннасць цнатлівасці заснавана не на забаронах — яна, наадварот, грунтуецца на пазітыўным выбары і дазваляе чалавеку ўсвядоміць сваё «я», паважаючы як сваю, так і чужую інтымную сферу. Паводле святога Аўгустына, цнатлівасць — гэта ўпарадкаваная любоў (amor ordinatus). Яна не адмаўляе цела, але адмаўляе логіку неадкладнага задавальнення капрызу, логіку спажывання і пошук задавальнення любой цаной. Менавіта гэтыя элементы ў свой час руйнавалі Ідэн. Пісьменніца падказвае канкрэтныя шляхі для рэалізацыі цноты чыстасці. Перш за ўсё гэта «прынцып заўтрашняга дня», які дапамагае кіраваць пажадлівасцю, паколькі чалавек выбірае не імгненную асалоду, а працяглую радасць, шчасце не «тут і цяпер», а заўтра і назаўжды. У кнізе «Хвалюючая цнатлівасць» аўтар закранае катэгорыю «адзінокіх». Яна аддае перавагу выкарыстанню слова «singular», падкрэсліваючы, што гэты выбар заснаваны не на тым, чаго няма, а на тым, што ёсць, і тым самым ён здабывае выключную каштоўнасць, апранаючыся ў адносіны з Богам, адзінай крыніцай паўнаты. Цнатлівасць азначае мець сэрца, вольнае ад ізаляваных адносін, здольнае далучыцца да ўсеагульнай любові Бога да ўсіх людзей. Яно з’яўляецца крыніцай духоўнага плёну і служыць таму, каб адчуваць любоў сапраўды глыбокую і быць у распараджэнні ўсяго чалавецтва. Паводле рускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |