Украінскія біскупы выступілі супраць гендэрнай ідэалогіі |
11.12.2015 11:17 |
Рыма- і грэкакаталіцкія біскупы Украіны ў супольнай дэкларацыі рэзка асудзілі спробы ўвесці антысямейную гендэрную ідэалогію ў дзяржаўнае заканадаўства. «Менавіта ад Бога мы атрымліваем асабістую палавую прыналежнасць — як дар і пакліканне. Такое разуменне — што палавая праналежнасць паходзіць ад Творцы, а не з'яўляецца выбарам чалавека — яднае ў веры і перакананнях не толькі ўсе хрысціянскія канфесіі, але і юдэяў і мусульман», — адзначылі іерархі. Цягам тысячагоддзяў чалавецтва вызнавала існаванне двух — мужчынскага і жаночага — палоў на грунце біялагічных крытэрыяў. Зараз у шмат якіх краінах свету пашыраюцца ідэі, на грунце якіх уводзіцца новае разуменне полу, праз адасабленне біялагічнага полу ад уласнага ўсведамлення палавой прыналежнасці, заўважаюць біскупы. «Нас пераконваюць, што гаворыцца толькі пра магчымасць выбару нейкага тыпу ўласных паводзінаў з цэлага спектру так званых сексуальных арыентацый. Само слова "гендэр" азначае звужэнне паняцця полу толькі да ягоных сацыяльна-культурных праяўленняў. Такая канцэпцыя супярэчыць хрысціянскаму і рацыянальнаму разуменню полу як усеахопліваючай прыкметы чалавечай асобы, якая рэалізуецца таксама і ў яе духоўным жыцці», — гаворыцца ў дакуменце. Каталіцкія іерархі заўважаюць, што гэтую антычалавечую тэорыю імкнуцца ператварыць у пануючы светапогляд і ажыццявіць на практыцы, часам навязваючы яе з дапамогай міжнароднага ціску на асобныя краіны і цэлыя групы краін. Біскупы дадаюць, што ў многіх дзяржавах, на жаль, ужо рэалізуецца такая падмена паняццяў як у прававым полі, гэтак і ў сістэмах выхавання. Такім чынам знішчаецца паўната павагі да чалавечай сексуальнасці. «Працэс гэткай падмены часта пачынаецца з прыняцця "антыдыскрымінацыйных законаў", у цэнтры якіх ставіцца не паняцце дыскрымінацыі, а якраз тэорыі, звязаныя з "гендэрнай ідэнтычнасцю" і "сексуальнай арыентацыяй". Наступным крокам у такім працэсе з'яўляецца ўзаконьванне "адпаполых партнёрстваў" і надаванне ім правоў на ўсынаўленне дзяцей», — адзначаецца ў дэкларацыі. «Гендэрная тэорыя з'яўляецца чарговай спробай сацыяльнай інжынерыі, бо яна ўспрымае сужэнства і сям'ю як канструкцыі, якія можна будаваць любым спосабам», — заяўляюць іерархі. Украінскія каталіцкія біскупы заклікалі дзяржаўныя ўлады турбавацца пра сям'ю і весці актыўную прасямейную палітыку, а ўсіх людзей — смела сведчыць пра прыгажосць сапраўднага сужэнства і маліцца за будучыню сям'і ва Украіне. Аляксандр Гелагаеў паводле credo-ua.org |