Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Misericors: у Польшчы стварылі камп'ютарны дадатак на Год Божай Міласэрнасці
11.12.2015 18:04

«Дадатак з’яўляецца канкрэтным адказам на заклік Папы Францішка адкрываць справы міласэрнасці і рэалізоўваць іх у паўсядзённым жыцці», — кажуць стваральнікі мультымедыйнага і інтэрактыўнага праекта Misericors, мэта якога заключаецца ў распаўсюджванні Божай Міласэрнасці.

«Выкарыстоўваючы новыя тэхналогіі, мы хочам дастукацца да сучаснага чалавека з пасланнем любові і бясконцай Божай Міласэрнасці. З гэтай мэтай мы публікуем вучэнне Касцёла аб міласэрнасці і заахвочваем да пашаны Міласэрнасці, асабліва да малітвы Вяночка да Божай Міласэрнасці. Нагадваем таксама, чым з’яўляюцца ўчынкі міласэрнасці, і матывуем штодзённа іх здзяйсняць», — растлумачылі мэты праекта Misericors яго стваральнікі.

Як адзначыў заснавальнік і віцэ-прэзідэнт фонда Misericors.org кс.Рафал Вільколек, праект з аднаго боку павінен быць інфармацыйным інструментам, а з другога фарміраваць уяўленне пра Божую Міласэрнасць. Фонд ужо запусціў партал у бэта-версіі і ў значнай ступені адзначыў сваю прысутнасць у сацыяльных медыя.

Дадатак для Android ужо можна спампаваць, карыстальнікі сістэмы IOS маглі гэта зрабіць яшчэ на мінулым тыдні.

Ідэя цалкам заснавана на трох асноўных пунктах практыкавання міласэрнасці: праз слова, справы і малітву.

Першы пункт звязаны з «таблеткамі Божай Міласэрнасці» – гэта значыць з тэкстамі сучасных аўтараў, дакументамі Касцёла, экзэгетычнымі каментарыямі. Але гэта павінны быць кароткія тэксты, якія можна будзе прачытаць паміж станцыямі метро.

«Таблетка — гэта тое, што нас натхняе», — тлумачыць кс. Вільколек.

Да ўчынкаў міласэрнасці карыстальнікаў павінны заахвоціць прыклады добрых спраў з усяго свету.

А ў межах трэцяга пункта будуць сабраны інтэрактыўныя формы культу Божай Міласэрнасці, напрыклад, спеў Вяночка да Божай Міласэрнасці, да якога можна будзе далучыцца на партале, або вызначыць маршруты да санктуарыяў Божай Міласэрнасці.   

Стваральнікі праекта прапаноўваюць карыстальнікам «Шляхі міласэрнасці», або спосабы пражывання дня з Божай Міласэрнасцю.

«Раніцай я дастаю таблетку з першага пункта, тое, што натхняе мяне. Да дванаццатай гадзіны  здзяйсняю нейкі ўчынак міласэрнасці, а ў 15.00 — мяне чакае нейкая інтэрактыўная форма культу Божай Міласэрнасці», — распавядае а. Вільколек.

З дапамогай інструментаў, распрацаваных камандай Misericors.org, можна будзе ацаніць, настолькі, наколькі гэта можна будзе зрабіць віртуальна, як духоўнасць міласэрнасці развіваецца ў карыстальніка, а таксама якім чынам эфект Божай Міласэрнасці  прысутнічае ў свеце.

Каманду Misericors.org ствараюць свецкія людзі, святары і кансэкраваныя асобы. Старшынёй праўлення фонду з’яўляецца Павел Паленскі, спецыяліст інтэрнэт-бяспекі, а заснавальнікам і віцэ-прэзідэнтам — кс. Рафал Вільколек з Кракаўскай архідыяцэзіі.

У савет таксама ўваходзіць Моніка Пшыбыш, медыя-эксперт з універсітэта Стэфана Вышынскага і кс. Юзаф Клох, былы прэс-сакратар KEP.

Базавая версія партала і дадаткаў будзе даступная на польскай, англійскай, іспанскай, італьянскай, французскай, нямецкай, партугальскай і рускай мовах. Каманда Misericors.org мяркуе, што да Сусветнага дня моладзі ў Кракаве далучыцца каля 100 тысяч. карыстальнікаў па ўсім свеце.

Паводле Deon.pl (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.