«Open Doors» распачынае медыяпраект для хрысціянскай моладзі Блізкага Усходу |
18.12.2015 08:00 |
Міжнародны рух «Open Doors», які выступае за правы хрысціян на Блізкім Усходзе, распачынае новы сацыяльны медыяпраект «Я дзялюся жыццём — маладыя хрысціяне онлайн на Блізкім Усходзе» (I Share Life - Young Christians Online in the Middle East).
Яго мэта — пашырыць магчымасці зносін сярод хрысціянскай моладзі з Ірака, Сірыі і Лівана, стварыць умовы для прысутнасці ў інтэрнэт-сетках, што, на думку ўдзельнікаў праекта, аказала б станоўчы ўплыў на хрысціянскі свет. Мяркуецца, што ў 2016 годзе група з шасці падлеткаў пачне публікаваць парады на Facebook, Instagram і YouTube і дзяліцца сваімі разважаннямі пра жыццё ў Хрысце. Гэтыя пасланні змогуць выклікаць зваротны водгук, і існуе надзея, што іншыя ўдзельнікі сетак, не выключаючы мусульман, пажадаюць далучыцца да хрысціянскага духоўнага вопыту. Сайт «Open Doors» прадаставіць для праекта «I Share Life» абсталяванне і навучыць асаблівасцям працы з камунікацыямі ў інтэрнэце, а таксама дасць шанец духоўнаму росту. У сувязі з бягучым станам спраў, калі хрысціяне не могуць адчуваць сябе бяспечна нават у традыцыйна хрысціянскіх краінах, уся праца будзе весціся на ўмовах поўнай ананімнасці, сапраўдныя імёны ўдзельнікаў праекта нідзе не будуць фігураваць. З трыма падлеткамі будзе рэгулярна камунікаваць трэнер, які будзе суправаджаць іх у небяспечным падарожжы па прасторах інтэрнэта. Сама акцыя з'яўляецца адказам на ганенні супраць хрысціян. Пачатак праекта быў закладзены ў адной вёсцы на Блізкім Усходзе, дзе сабраліся маладыя людзі з Ірака, Сірыі і Лівана. Пасля чытання Евангелля і сумеснай малітвы яны прыступілі да працы, якая стане іх сціплым укладам у справу распаўсюджвання евангельскай любові ў арабскім свеце. (AYU) |