У Бангладэш каталіцкія місіянеры будуць працаваць пад аховай паліцыі |
22.12.2015 14:47 |
Замежныя місіянеры, якія працуюць у Бангладэш, атрымалі дадатковую абавязковую ахову паліцыі. Гэта звязана з нападам на італьянскага святара а. П’етро Параліга, які месяц таму быў сур’ёзна паранены невядомымі злачынцамі. У выніку напружанай сітуацыі ў азіяцкай краіне ўлады вырашылі, што місіянеры могуць ажыццяўляць сваё служэнне толькі пад наглядам, тым больш, што раней быў забіты свецкі супрацоўнік дабрачыннага каталіцкага таварыства «Caritas», які паходзіў з Італіі. Усіх місіянераў ахоўвае паліцыя. Аб тым, што сітуацыя застаецца напружанай, сведчыць і ўчарашні напад у сталіцы Бангладэш на двух мясцовых католікаў, якія былі сур’ёзна паранены. «Нягледзячы на тыя абмежаванні, якія існуюць, мы стараемся праводзіць нашае служэнне, якое ўключае шмат дабрачынных спраў», — распавёў а. Франко Кагнаса, місіянер Папскага інстытута замежных місій (PIME). Святар падкрэсліў, што Касцёл у гэтай краіне арганізоўвае місіянерскае служэнне ў бальніцах, медыцынскіх цэнтрах і дамах для маладых інвалідаў. Таксама місіянеры актыўна ўдзельнічаюць у выхаваўчай працы, асабліва сярод бедных слаёў насельніцтва, імкнучыся пабудаваць больш справядлівы свет. Касцёл у Бангладэш выказаў таксама заклапочанасць у сувязі з ростам фундаменталізму і заклікаў улады пакласці канец гвалту і забяспечыць бяспеку ўсіх хрысціян. Паводле Deon.pl (MV) |