У Сірыі, верагодна, зноў выкралі святара-францішканіна |
28.12.2015 17:34 |
У кустодыю Святой Зямлі паведамілі, што з раніцы 23 снежня была страчаная сувязь са святаром Дхія Азізам, парафіяльным пробашчам у сірыйскім паселішчы Якубія. Разам з іншымі людзьмі ён выправіўся на таксі з Латтакіі ў Якубію, па ўсёй верагоднасці праз Хаму, дзе павінен быў наведаць парафію ў сувязі з каляднымі святамі. Святар-францішканец вяртаўся з Турцыі, куды яго сям’я ўцякла пасля ўступлення падраздзяленняў ІГІЛ ў Каракош, яго родны горад. У кустодыі не выключаюць выкраданне і просяць аб малітве і салідарнасці з субратамі айца Азіза, з яго парафіянамі і з усімі пастырамі, якія прысвячаюць сябе дабру жыхароў Сірыі.40-гадовы айцец Дхія Азіз ўжо аднойчы быў выкрадзены — у ліпені гэтага года — і вызвалены, а за год да гэтага ён атрымаў раненне падчас ракетнага ўдару, які абрынуўся на кляштар. У Якубіі размешчаны адзін з чатырох цэнтраў кустодыі Святой Зямлі для тых, хто знаходзіцца ў патрэбе. Айцец Азіз — адзін з братоў, якія засталіся ў Сірыі, каб дапамагчы мясцоваму насельніцтву — і не толькі хрысціянскаму — выстаяць і не пакінуць ўласныя дамы. Паводле рускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU) |