Наступная сустрэча Тэзэ адбудзецца ў Рызе |
31.12.2015 17:54 |
Наступная, 39-я па ліку, моладзевая сустрэча Тэзэ будзе адбывацца ў сталіцы Латвіі з 28 снежня 2016 года па 1 студзеня 2017 года. «Сустрэчай у Латвіі мы хочам пабудаваць мост паміж двума светамі, якія ўсё ж розныя», — сказаў прыёр супольнасці ў Тэзэ брат Алоіс на сустрэчы з журналістамі вечарам 30 снежня ў Валенсіі (Іспанія). Упершыню краіна, якая калісьці была часткай былога Савецкага Саюза, будзе прымаць маладых людзей з усёй Еўропы. Мітрапаліт Рыжскі Збігнеў Станкевіч распавёў падчас сустрэчы ў Валенсіі, што сталіца Латвіі – месца, дзе змешваюцца розныя культуры і традыцыі.
Іерарх нагадаў, што ў 2014 годзе Рыга была культурнай сталіцай Еўропы. Мітрапаліт узгадаў пра добрыя адносіны паміж рознымі хрысціянскімі Цэрквамі ў Латвіі і адзначыў, што ў савецкія часы паміж зняволенымі каталіцкімі, лютэранскімі і праваслаўнымі святарамі ўсталяваліся сяброўскія адносіны. «Мы хочам падзяліцца сваім вопытам гэтых добрых адносін з удзельнікамі сустрэчы, арганізаванай супольнасцю з Тэзэ», — сказаў арцыбіскуп Збігнеў Станкевіч. Паводле Deon.pl (MV) |