У Варшаве адправілі Імшу за ахвяр авіякатастроф пад Міраслаўцам і Смаленскам |
11.01.2016 19:11 |
Святую Імшу ў інтэнцыі ахвяр авіякатастроф пад Міраслаўцам і Смаленскам цэлебраваў у варшаўскай катэдры біскуп Юзаф Гуздак. Эўхарыстыю канцэлебравалі кс. Януш Бак і кс. Збігнеў Кепа, натарыус Курыі Ваеннага ардынарыята. Падчас Імшы ўзгадваліся ахвяры дзвюх авіякатастроф, якія адбыліся ў 2008 і 2010 гадах. Ваенна-транспартны самалёт C295-М разбіўся ўвечары 23 студзеня 2008 г., калі набліжаўся да зямлі пад Міраслаўцам. Самалёт ляцеў запланаваным маршрутам Варшава – Познань – Повідз – Міраславец – Свідвін – Кракаў і перавозіў удзельнікаў канферэнцыі па бяспецы палётаў Паветраных сіл Польшчы. На борце самалёта было чатыры члены экіпажу і 16 высокапастаўленых афіцэраў. Ніводзін з пасажыраў не выжыў. У катастрофе пад Смаленскам загінулі ўсе пасажыры – 96 чалавек. Сярод іх былі Прэзідэнт Польшчы Лех Качынскі і яго жонка, апошні Прэзідэнт Польшчы ў выгнанні Рышард Качароўскі, біскуп Тадэвуш Плоскі і іншыя духоўныя асобы, а таксама намеснікі маршалаў Сейма і Сената. Дэлегацыя накіроўвалася на ўрачыстасці, звязаныя з 70-годдзем Катыні. |