Прэзідэнт Украіны прыняў даверчыя граматы ад Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці |
13.01.2016 14:56 |
Падчас сустрэчы Прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі з Апостальскім Нунцыем арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці былі абмеркаваны пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай візіту Папы ва Украіну. 12 студзеня Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка прыняў даверчыя граматы ад паслоў Латвіі, Пакістана, Бангладэш і Ватыкана. Віншуючы прысутных з пачаткам важнай місіі ва Украіне, кіраўнік дзяржавы падзякаваў паўнамоцным прадстаўнікам за садзейнічанне ў абранні Украіны ў склад непастаянных членаў Савета Бяспекі ААН на перыяд 2016-2017 гадоў. У ходзе размовы з новым Апостальскім Нунцыем ва Украіне арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці кіраўнік дзяржавы выказаў шчырую падзяку за актыўнае садзейнічанне Святога Пасаду ў кансалідацыі намаганняў міжнароднай супольнасці, накіраваных на аднаўленне міру і стабільнасці ў краіне.
Прэзідэнт таксама падзякаваў за гуманітарную дапамогу, якая аказвалася на працягу 2014-2015 гадоў па лініі дабрачыннага каталіцкага таварыства «Caritas» для ўнутрана перамешчаных асоб і пацярпелых перасяленцаў. Пётр Парашэнка акцэнтаваў увагу Апостальскага Нунцыя на неабходнасцi актывізацыі працы міжнародных праваабарончых арганізацый у напрамку абароны правоў чалавека ў Крыме. У сваю чаргу арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці адзначыў, што ўвага Святога Пасаду прыцягнута да Украіны, якая з’яўляецца прыярытэтам для Папы Францішка. Суразмоўцы таксама абмеркавалі пытанні, звязаныя з падрыхтоўкай візіту Пантыфіка ва Украіну. Паводле president.gov.ua (MV) |