ЗША: біскупы падтрымліваюць законных сясцёр у барацьбе супраць абортаў |
15.01.2016 13:07 |
Епіскапат ЗША скіраваў у Вярхоўны суд прашэнне ў падтрымку законных сясцёр, якія ўдзельнічаюць у судовым працэсе з адміністрацыяй Барака Абамы за свабоду веравызнання. Гаворка ідзе аб праве законніц не ўдзельнічаць у фінансаванні абортаў і кантрацэпцыі. Малыя Сёстры Бедных скіравалі петыцыю па гэтай справе, якая была адхілена ў ліпені мінулага года апеляцыйным судом. Зараз яна будзе разглядацца ў Вярхоўным судзе. Уведзеная Баракам Абамам рэформа медыцынскага страхавання абавязвае ўсіх працадаўцаў выплачваць работнікам страхавы пакет, які таксама ўключае фінансаванне абортаў, стэрылізацыі і кантрацэпцыі. Ад гэтай рэформы вызваляюцца чыста культурныя ўстановы. Сёстры займаюцца дабрачыннай дзейнасцю, таму не падпадаюць пад выключэнне, але не хочуць плаціць, таму што гэта не адпавядае іх веры. Біскупы ЗША ў прашэнні, складзеным 8 студзеня ў Вярхоўны суд, напісалі, што ўвядзенне такой практыкі не толькі парушае свабоду веравызнання, але і прыносіць шкоду ўсяму грамадству. Высокія штрафы, прадугледжаныя ў новым заканадаўстве, могуць прывесці да банкруцтва арганізацый, якія хочуць застацца вернымі сваім прынцыпам. «Гэта, — паведамляе запіска, — не на карысць нікому, ні арганізацыям, ні супрацоўнікам». Епіскапат таксама нагадаў пра значны ўклад каталіцкіх дабрачынных арганізацый у справу дапамогі мільёнам жыхароў ЗША. Паводле Deon.pl (MV) |