Знішчаныя ісламістамі святыні ў Егіпце будуць адноўлены |
18.01.2016 13:47 |
На працягу года ў Егіпце будуць адноўлены святыні, разбураныя фундаменталістамі Мусульманскага Брацтва. Аб гэтым паведаміў Прэзідэнт краіны Абдул-Фатах Халіл Ас-Сісі, прымаючы ўдзел у копцкай літургіі на Божае Нараджэнне ў каірскай катэдры св. Марка. З таго часу, як ісламісты захапілі ўладу, было знішчана 53 святыні. Прэзідэнт таксама нагадаў, што рэлігійная разнастайнасць Егіпта — багацце гэтай краіны, а мірнае суіснаванне людзей розных рэлігій з’яўляецца планам Бога для гэтага рэгіёну. Кіраўнік дзяржавы заклікаў клапаціцца пра будаўніцтва добрых адносін хрысціян і мусульман і заахвоціў да ўзаемнай павагі. «Нашы школы і ўніверсітэты павінны быць рассаднікамі дыялогу і разумення. Мы павінны не толькі вучыць павазе да тых, хто думае па-іншаму, але і рэалізаваць яе ў жыцці», — заявіў Прэзідэнт Егіпта. Паводле Deon.pl (MV) |