18 студзеня спаўняецца 10 гадоў з дня смерці польскага святара і паэта Яна Твардоўскага |
18.01.2016 18:08 |
18 студзеня спаўняецца 10 гадоў з дня смерці вядомага польскага паэта кс. Яна Твардоўскага. Цудоўны паэт і святар, лаўрэат шматлікіх узнагарод памёр у Варшаве ў гэты дзень у 2006 годзе ва ўзросце 90 гадоў. Ян Твардоўскі быў першай асобай, якую пахавалі ў крыпце заслужаных палякаў у святыні ў Вілянове. Ян Твардоўскі нарадзіўся 1 чэрвеня 1915 года ў Варшаве. Быў магістрам польскай філалогіі, жаўнерам АК, прымаў удзел у Варшаўскім паўстанні. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у 1948 годзе. Каля паўстагоддзя быў звязаны з варшаўскім касцёлам візітак, у якім быў шматгадовым рэктарам. Паэтычны дэбют адбыўся ў 1937 годзе – быў выдадзены зборнік «Вяртанне Андэрсана» накладам у 30 асобнікаў. 1970 год стаў годам выдання томіка «Знакі даверу» і «Сінія акуляры», дзякуючы чаму сціплы святар стаў вядомым, любімым і чытаным аўтарам не толькі сярод палякаў. Некаторыя цытаты з яго вершаў сталі вядомымі афарызмамі і ўвайшлі ў актыўны маўленчы запас польскай мовы. Напрыклад «Трэба спяшацца любіць, бо людзі так хутка адыходзяць…», альбо «Любім ўвесь час замала і заўсёды позна». Адзін з найбольш папулярных паэтаў, аднак, не любіў гаварыць пра сябе як пра паэта. Ён сцвярджаў толькі, што піша вершы. «Я толькі святар, які піша вершы, для якога вера заўсёды больш важная за паэзію», — паўтараў ён. Хоць яго кнігі выдаваліся стотысячным накладам, ён кожны раз, калі атрымліваў узнагароду альбо даваў інтэрв’ю, быў шчыра здзіўлены, што яго яшчэ хтосьці чытае. Адама Міцкевіча, Анну Каменскую, а таксама Чэслава Мілаша ён называў тымі, каго можна лічыць сваімі творчымі настаўнікамі і правадырамі ў паэзіі. Паэтычнай спадчынай кс. Яна Твардоўскага цікавіцца і беларуская творчая аўдыторыя. Яго тэксты перакладалі, напрыклад, студэнты філфака БДУ і ўжо паэты-прафесіяналы, такія як Данута Бічэль, Крыстына Лялько, Андрэй Хадановіч і інш. На словы да вершаў кс. Яна Твардоўскага ўдзельнікі гурта «Laudans» напісалі музыку. Іх праект, які выйшаў пад назваю «Трэба спяшацца любіць», паводле назвы аднаго з найпапулярнейшых вершаў святара-паэта, стаў першым творчым дзіцём гэтага гурта, які на сённяшні дзень актыўна ладзіць канцэрты па ўсёй Беларусі і па-за яе межамі. (AYU) |