Царкве і валанцёрам украінцы давяраюць больш за ўсё, а давер да ўраду катастрафічна падае |
20.01.2016 13:44 |
Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялогіі з 4 па 14 снежня 2015 года правёў апытанне грамадскага меркавання «Омнібус». Найбольшым даверам сярод украінцаў карыстаецца Царква і валанцёры, а найменшым — апазіцыя, Урад Украіны, Вярхоўная Рада і расійскія СМІ (гэтым установам давярае менш за 10 % украінцаў). Пра гэта паведамляецца на старонцы інстытута.
Царква ўтрымлівае пазіцыі лідара даверу ўкраінцаў — 58,8 працэнта, а 18,4 працэнта ёй не давяраюць. Ёй больш давяраюць людзі старэйшага ўзросту (68,5 працэнтаў), чым маладое пакаленне (51 працэнтаў), а таксама тыя, хто атрымаў сярэднюю адукацыю. У той жа час валанцёры маюць найбольшы баланс даверу — 44,1, паколькі ім давяраюць 57,6 працэнтаў насельніцтва, а не давяраюць 13,5%. Значна меншы, але ўсё ж станоўчы баланс даверу маюць грамадскія арганізацыі, умацоўваючы свае пазіцыі ў параўнанні з мінулымі гадамі: давяраюць — 34,5 працэнтаў, не давяраюць — 21 працэнтаў, баланс 13,5. Айчынныя СМІ, якім давяраюць 32,3 працэнта, страцілі ў даверы ў параўнанні з 2014 годам, і баланс даверу да іх стаў адмоўным (-6,6). Ім параўнальна больш схільныя давяраць прадстаўнікі старэйшага пакалення і людзі з сярэдняй адукацыяй. Пазіцыі аўтсайдараў працягваюць займаць расійскія СМІ — працэнт даверу да іх найменшы, а баланс даверу-недаверу адмоўны ва ўсіх рэгіёнах: 4 працэнты давяраюць, 77,6 працэнта не давяраюць. Менш за палову насельніцтва (45,3 працэнта) давярае Узброеным сілам Украіны (УСУ), аднак баланс даверу да іх у параўнанні з вераснем 2014 г. знізіўся (12,4), паколькі давер да УСУ упаў ва ўсіх рэгіёнах, але асабліва ў Заходнім і Усходнім. Іншыя органы бяспекі і правапарадку маюць адмоўны баланс даверу-недаверу. Патрульная паліцыя мае некалькі большы давер сярод насельніцтва, чым СБУ і Нацыянальная паліцыя (былая міліцыя). Баланс даверу-недаверу да апошняй з пераходам ад міліцыі да паліцыі вырас на 3 працэнты. Іншыя апытанні, праведзеныя ў гарадах, дзе ўжо функцыянуе патрульная паліцыя, паказваюць, што сярод насельніцтва пераважае нейтральна-станоўчае стаўленне да яе і да першых вынікаў яе дзейнасці. Інстытуты ўлады выклікаюць найменшы давер у насельніцтва і маюць вельмі нізкі баланс даверу і недаверу (-66,3 і -72,4 адпаведна). Пры гэтым баланс даверу-недаверу да ўраду Украіны ў параўнанні з вераснем 2014 г. знізіўся больш чым на 40%, перасягнуўшы адмоўны паказчык 2012 года ў часы кіраўніцтва Мікалая Азарава. (AYU) |