Ісламісты зруйнавалі найстаражытнейшы манастыр у Іраку |
21.01.2016 12:25 |
Пра гэта сведчаць здымкі са спадарожніка, якія кампанія DigitalGlobe падрыхтавала па запыце агенцтва The Associated Press, перадае РБК. Кампанія падала два здымкі: на першым з іх, зробленым 31 сакавіка 2011 г., выразна бачны сцены манастыра. На другім фота, датаваным 28 верасня 2014 года — на месцы манастыра бачны толькі руіны.
Здымкі пацвярджаюць тое, чаго асцерагаліся царкоўныя лідары і абаронцы помнікаў на Блізкім Усходзе — манастыр ператварыўся ў гару абломкаў і стаў яшчэ адной ахвярай дзеянняў ісламістаў. Манастыр святога Ільі быў месцам пакланення хрысціян на працягу 1400 гадоў. У апошні час, падчас аперацыі ў Іраку, туды прыходзілі амерыканскія вайскоўцы. І хоць стан будынку быў вельмі дрэнным (у прыватнасці адсутнічаў дах, на частках сцен з’явіліся расколіны), у манастыры было 26 унікальных памяшканняў, у тым ліку капліца і алтар. «Каменныя сцены былі літаральна ператвораны ў пыл», — сказаў фотоаналітык Стывен Вуд, паглядзеўшы спадарожнікавыя здымкі. Паводле яго слоў, тэрарысты маглі выкарыстоўваць для разбурэння манастыра бульдозеры, цяжкую тэхніку, кувалды і, магчыма, выбухоўку. Іншы суразмоўца, каталіцкі святар у Іраку Пол Табіт Хабіб, расцаніў знішчэнне святыні як спробу «Ісламскай дзяржавы» выціснуць хрысціянства з Ірака. «Гісторыя хрысціянства ў Масуле па-варварску зраўняна з зямлёй», — заявіў святар. Манастыр святога Ільі папоўніў спіс з больш чым 100 гістарычных і рэлігійных помнікаў, якія былі разбураны тэрарыстамі «Ісламскай дзяржавы» з часоў заснавання групоўкі. Найбольшую вядомасць атрымала знішчэнне антычнага горада Пальміра ў Сірыі, які быў аб'ектам сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Тэрарысты занялі Пальміру ў маі 2015 года і знішчалі руіны па частках. У кастрычніку была падарвана Трыумфальная арка Пальміра, якая лічылася сімвалам антычнага горада. Паводле risu.org.ua, (AYU) |