На Святой Зямлі скарачаецца колькасць пілігрымаў |
21.01.2016 15:31 |
Толькі з Італіі ў мінулым годзе прыехала на 40 працэнтаў менш пілігрымаў, чым у папярэднія гады. На думку а. Ібрагіма Фалтаса, гэта не толькі эканамічная і сацыяльная праблема, але таксама «абясцэньванне месцаў паломніцтва». «2015 год быў вельмі цяжкім часам для Святой Зямлі і для паломнікаў. Мы можам сказаць, за гэты год сюды прыехала менш за палову пілігрымаў ў параўнанні з 2014 годам, і гэта вялікая страта», — падзяліўся святар. Айцец Ібрагім Фалтас дадаў, што такая сітуацыя негатыўна ўплывае на колькасць хрысціян на Святой Зямлі, таму што большасць з іх працуюць у турыстычнай сферы: утрымліваюць месцы для начлегаў, працуюць у рэстаранах або гідамі, а сёння ўсе месцы для пілігрымаў пустыя.
«Людзі плачуць, многія з іх страцілі свае працоўныя месцы і, адпаведна, вымушаны пакінуць Ерузалем. Гэта сапраўдная праблема», — устрывожаны святар. Францішканін перажыў у 2000 годзе Другое палесцінскае паўстанне. У інтэрв'ю з Ватыканскаму радыё ён сказаў, што сучасная сітуацыя з'яўляецца яшчэ больш драматычнай у плане колькасці наведвальнікаў. У Гетсіманскім садзе ў Ерузалеме, дзе, як правіла, за дзень было ад 5 да 6 тысяч пілігрымаў, зараз няма нікога. Айцец Фалтас лічыць, што прычынай з’яўляюцца негатыўныя паведамленні СМІ. «Больш за тое, я думаю, што людзі баяцца. Яны баяцца прыязджаць не толькі на Святую Зямлю, але таксама на Блізкі Усход, у Егіпет і Іарданію. Там сітуацыя аналагічная. Пасля нядаўніх нападаў гэта таксама адносіцца і да Турцыі. Гэта вялікія праблемы, звязаныя са страхам. Вось чаму я кажу людзям, што яны павінны пераадолець гэты страх і прыехаць сюды ў якасці пілігрымаў. Насамрэч, яшчэ нічога дрэннага з пілігрымамі не здарылася. Палесцінцы і ізраільцяне маюць павагу да турыстаў», — сказаў францішканін. Паводле Deon.pl (MV) |