Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Працягваецца беатыфікацыйны працэс сястры Люцыі з Фацімы
22.01.2016 12:27

Дыяцэзіяльны этап беатыфікацыйнага працэсу сястры Люцыі дэ Жэсус душ Сантуш, малодшай з трох дзяцей, якім аб’явілася Панна Марыя ў Фаціме ў 1917 годзе, павінен быць завершаны сёлета.

Да канца гэтага года ўсе дакументы, якія тычацца справы беатыфікацыі сястры Люцыі, будуць накіраваны ў Ватыкан. Пра гэта паведаміла сястра Ангела Коэльё, апякунка беатыфікацыйнага працэсу партугальскай кармэліткі, якая памерла ў 2005 годзе ва ўзросце 98 гадоў.

«Праца ў дыяцэзіі Лейрыя-Фаціма прагрэсіруе вельмі хутка, хоць яна і не з’яўляецца простай, таму што матэрыял для беатыфікацыі кандыдаткі вельмі вялікі. Мы павінны старанна вывучыць больш за 70 тысяч лістоў, якія атрымала і напісала сястра Люцыя на працягу свайго жыцця. Гэта вельмі вялікая калекцыя, якая змяшчае перапіску як з вернікамі з усяго свету, так і з Папамі, кардыналамі і пасламі», — сказала сястра Ангела.

Манахіня лічыць малаверагодным абвяшчэнне сястры Люцыі благаслаўлёнай да пачатку 2017 года, калі будзе адзначацца стогадовы юбілей аб’яўленняў Маці Божай у Нацыянальным санктуарыі Партугаліі.

«Гэта вельмі складаны працэс беатыфікацыі чалавека, які памёр у глыбокай старасці. Патрэбна вывучыць шмат этапаў яе жыцця. Сястра перажыла дзве сусветныя вайны і грамадзянскую вайну ў Іспаніі. Яна дажыла да краху СССР, што было для яе вельмі важнай падзеяй», — успамінае законніца.

З 13 мая па 13 кастрычніка 1917 года недалёка ад партугальскага мястэчка Фаціма адбыліся аб’яўленні Панны Марыі. У 13-ы дзень кожнага месяца Божая Маці з’яўлялася тром дзецям – пастушкам Люцыі дэ Жэсус душ Сантуш, Жасінце і яе брату Францішку Марто і папярэджвала аб вялікіх трагедыях, якія чакаюць чалавецтва, калі людзі не пачнуць навяртацца.

Паводле Deon.pl (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.