У Польшчы прызначаны новыя кіраўнікі, якія будуць апекавацца Ледніцай |
25.01.2016 14:56 |
Для хрысціянскага моладзевага руху Ледніца ў Польшчы прызначаны два
новыя душпастыры. Рашэнне аб прызначэнні новых апекуноў руху было
прынята праз месяц пасля смерці заснавальніка Ледніцы айца Яна Гуры OP,
які ў 1997 годзе распачаў малітоўныя сустрэчы моладзі каля Ледніцкага
Возера. На гэтую пасаду айцец Павел Казацкі OP, правінцыял польскіх дамініканаў, прызначыў двух братоў: Войцеха Пруса OP і Мацея Сошыньскага OP.
Айцец Войцех Прус OP і айцец Мацей Сошыньскі OP «Самым галоўным на дадзены момант з’яўляецца працягваць працу ў падрыхтоўцы да сустрэчы моладзі, якая адбудзецца 4 чэрвеня 2016 года», — адзначае а. Павел Казацкі OP. «Я прызначыў двух братоў: Войцеха Пруса і Мацея Сошыньскага, якія валодаюць патрэбнымі ведамі, каб гэтым займацца. Яны будуць працаваць з людзьмі з супольнасці "Ледніца 2000" і з іншымі зацікаўленымі людзьмі, каб 4 чэрвеня стаў для Ледніцы днём прыгожым і плённым. Адначасова яны будуць клапаціцца пра цэнтр у Ледніцы», — дадаў правінцыял. Браты будуць рыхтавацца да Ледніцы, жывучы ў дамініканскім кляштары ў Познані, як гэта рабіў а. Ян Гура OP. Новапрызначаныя браты дамінікане адзначылі, што для іх займацца Ледніцай — гэта не проста выклік. «Мы павінны найперш добра да ўсяго прыслухацца, бо а. Ян сабраў каля Ледніцы вялікі асяродак. Чаканні маладых людзей, звязаных з яго дзейнасцю, павінны стаць для нас важнымі», — кажа а. Войцех Прус ОР.
Айцец Мацей Сошыньскі ОР, які з’яўляецца заўзятым весляром, дадае: «На моры не робяць рэзкіх рухаў штурвалам і вёсламі, бо іначай будзе пагражаць катастрофа. Найважнейшым з’яўляецца назіранне, адчуванне ветру, тады толькі наладжваецца курс да мэты. Мы пачынаем новы этап. Перад намі прыгожая прыгода». У гэтым годзе Ледніцкая сустрэча адбудзецца ў 20-ы юбілейны раз. Для святароў і кансэкраваных асобаў а. Ян падрыхтаваў падарунак: бутэльку віна з Малапольскіх вінніц і тры гостыі — падарунак ад фірмы Christ. У сваім, як аказалася, апошнім лісце-запрашэнні айцец Ян пісаў: «Думаючы пра будучыню, я не бачу іншага выйсця, як толькі ахвяравацца Езусу ў Найсвяцейшай Эўхарыстыі». Для моладзі а. Ян планаваў падрыхтаваць Новы Запавет і белы драўляны крыж. Беларуская моладзь таксама наведвала Ледніцу падчас чэрвеньскіх шматтысячных сустрэч. І 2016 год, магчыма, для кагосьці стане адметным праз удзел у Ледніцы. У 2009 годзе ў Ледніцы ўдзельнічала на той момант студэнтка лінгвістычнага ўніверсітэта Юлія, якая падзялілася сваім сведчаннем і ўспамінамі.
На пытанне, чаму варта наведаць Ледніцу, Юлія адказала: «Варта наведаць, таму што гэта прыгожы досвед веры. Як і падчас любой падобнай сустрэчы можна пазнаёміцца з іншымі маладымі людзьмі, правесці дзень, прысвяціўшы яго цалкам Богу. Адметнасць Ледніцы ў вельмі добрай і густоўнай арганізацыі ўсіх мерапрыемстваў.
Айцец Ян Гура ОР Напрыклад, тая сустрэча 2009 года была прысвечаная Літургіі Гадзінаў, да яе былі спецыяльна выдадзены кішэнныя брэвіярыі, і я дагэтуль карыстаюся асобнікам, прывезеным адтуль, гэта вельмі зручна ў дарозе». На пытанне, ці падобныя Ледніцкія сустрэчы да сустрэч Тэзэ, Юлія адказала, што абсалютна не: «Тэзэ – вельмі спецыфічная рэч, Ледніца – больш традыцыйная. Хутчэй, крыху, можа быць, падобна да СДМ у зменшаным фармаце». Пазнаёміцца з рухам Ледніца больш падрабязна, пачынаючы ад гісторыі і заканчваючы спосабам даезду і кантактнымі дадзенымі, можна ў спецыяльным даведніку, а таксама на старонцы руху. Паводле dominikanie.pl, lednica2000.pl, (AYU) |