Кардынал Ньюмэн, які быў пратэстанцкім святаром і перайшоў у каталіцтва, хутка можа быць кананізаваны |
26.01.2016 14:03 |
Беатыфікацыя кардынала Ньюмэна адбылася ў 2010 годзе, калі Папа Бэнэдыкт XVI наведваў Вялікабрытанію. Джон Генры Ньюмэн нарадзіўся ў 1801 годзе і потым стаў англіканскім святаром, аднак, будучы вельмі глыбокім тэолагам, прафесарам Оксфарда, чым далей, тым больш пераконваўся ў праўдах каталіцкай веры. Вакол прафесара ствараўся так званы Оксфардскі рух, мэтай якога было аднаўленне традыцыйных аспектаў хрысціянскай веры, якія былі страчаны ў англіканстве.
«Айцы (Касцёла) зрабілі мяне католікам», — згадваў ён. Гэтак паступова, праз вывучэнне першапачатковых крыніц хрысціянскай веры, ён змяняў свае погляды. У 1845 годзе Джон Ньюмэн перайшоў у каталіцтва, хоць быць католікам у Англіі тады было нялёгка. Варожае стаўленне да Касцёла захоўвалася ў пратэстанцкай краіне як мінімум да сярэдзіны ХХ ст. Разам з Ньюмэнам у каталіцтва перайшлі многія пратэстанты, якія былі прыхільнікамі Оксфардскага руху. Джон Ньюмэн атрымаў у Касцёле прэзбітэрскае пасвячэнне і застаўся ўплывовым рэлігійным лідарам у Брытаніі. Ён заснаваў Каталіцкі ўніверсітэт Ірландыі, які пад іншай назвай сёння з'яўляецца буйнейшым універсітэтам краіны.
У 1879 годзе прапаведнік і філосаф, якому належаць больш за 80 тамоў навуковых і літаратурных твораў, атрымаў годнасць кардынала за заслугі перад Святым Пасадам. Нарадзіўся для неба кардынал Ньюмэн 11 жніўня 1890 года. Аляксандр Гелагаеў паводле Credo-ua.org |