Чэхі дапамагаюць хрысціянскім бежанцам з Блізкага Усходу |
27.01.2016 11:53 |
Чэхі прымаюць хрысціянскіх бежанцаў з Блізкага Усходу. У нядзелю ў Прагу прыляцелі першыя дзве іракскія сям’і. У бліжэйшыя дні да іх далучацца яшчэ 153 бежанцы. Іх прыбыццё стала магчымым дзякуючы ініцыятыве чэшскіх хрысціян. Узрушаныя пераследам, які перажылі паслядоўнікі Хрыста ў Сірыі і Іраку, хрысціяне Чэхіі заснавалі фонд «Generace 21», які пачаў крокі, каб прыняць бежанцаў. Сабраны неабходныя сродкі, зроблена ўсё магчымае, каб бежанцы атрымалі жыллё, а мужчыны з гэтых сем’яў — працу ў прыватных кампаніях.
Паралельна праводзіліся таксама перамовы з уладамі, каб атрымаць дазвол для бежанцаў прыехаць у Чэхію, а таксама аб прадастаўленні прытулку для хрысціян з Блізкага Усходу. Фонд будзе падтрымліваць бежанцаў, дапамагаць ім вывучыць мову і садзейнічаць інтэграцыі з новым асяроддзем. Ініцыятыву чэшскіх хрысціян падтрымалі таксама чэшскія ўлады, у тым ліку органы мясцовага самакіравання. Першыя дзве іракскія сям'і знайшлі прытулак у Іглаве ў Паўднёвай Чэхіі. Горад прадаставіў ім бясплатнае муніцыпальнае жыллё. Паводле Deon.pl (MV) |