Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Польшчы прайшла акцыя «Полымя памяці» ў памяць ахвяр Халакосту
28.01.2016 14:39

З нагоды адзінаццатага Міжнароднага дня памяці ахвяраў Халакосту жыхары Плоцка (Польшча) 27 студзеня правялі акцыю «Полымя памяці».

Жыхары горада запалілі свечкі і паставілі іх на падваконні дамоў у знак памяці ахвяр генацыду яўрэяў.

Праект, які атрымаў назву «Полымя памяці», адбыўся па ініцыятыве фонду «Шалом», які ўзначальвае Голда Ценсер.

У лісце, адрасаваным на імя біскупа Пятра Ліберы, прадстаўнікі фонду прапанавалі ўсім вернікам дыяцэзіі адзначыць Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакосту і паставіць запаленыя свечкі на падваконні ў знак салідарнасці з габрэямі, асуджанымі на знішчэнне ў гады Другой сусветнай вайны.

«Дзень памяці — гэта дзень надзеі і малітвы, гэта дзень змагання за роўныя правы для ўсіх людзей на свабоду і мір. Гэта час задумацца, паразважаць пра мінулае, з якога можна зрабіць высновы на будучыню. Мы салідарныя з тымі, хто імкнецца ў сэрцы да міру і свабоды для ўсіх людзей, і такім чынам мы хочам ушанаваць нашу супольную польска-яўрэйскую гісторыю», — распавёў Голда Ценсер.

Выразам салідарнасці Плоцка з яўрэйскім народам з’яўляецца таксама штогадовае святкаванне Дня іўдаізму.

Сёлета святкаванне гэтага дня адбылося ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Плоцку. Малітву за яўрэйскі народ праводзіў кс. праф. Ірэнэуш Мрачкоўскі, член асацыяцыі «Сінагога Плоцка», а гамілію прамаўляў кс. Яраслаў Квяткоўскі, адказны за біблійную справу ў дыяцэзіі.

Да Другой сусветнай вайны ў Плоцку жыло каля 10 тысяч яўрэяў, якія складалі каля 1/3 насельніцтва горада. Яны маліліся ў дзвюх сінагогах, таксама мелі 34 малітоўныя дамы, бальніцу, дзіцячы дом, школу Талмуд-Тора, яўрэйскую гуманітарную вышэйшую школу, міквы, бойню для птушак і морг. У 1940 нацысты стварылі гета, затым адправілі яўрэяў у лагер у Дзялдова, дзе амаль усе яўрэі загінулі. Пасля вайны ў Плоцк вярнулася каля 300 яўрэяў.

У 2013 годзе па ініцыятыве асацыяцыі «Сінагога Плоцка» ў будынку малой сінагогі быў заснаваны Музей мазавецкіх яўрэяў: мультымедыйны цэнтр, які дазваляе ажыццяўляць пошук слядоў плоцкіх яўрэяў, інфакіёскі з праваднікамі; з залай, якая служыць культурным мэтам.

Аб’ект з’яўляецца філіялам Мазавецкага музея ў Плоцку і актыўна праводзіць культурна-сацыяльныя праекты.

Паводле Deon. pl (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.